Гарадзенскі канцэрт польскага гурта Lady Pank можа быць адменены


Гурт Lady Pank

На асабістай старонцы ў Facebook кіраўніка «Саюзу палякаў ў Беларусі» Анджалікі Борыс з’явіўся запіс пра адмену канцэрту польскага гурта.

Два гады таму у Горадні меўся адбыцца канцэрт гурта Lombard. Прыгадваючы адмену таго канцэрту, Анджаліка Борыс піша: «так было два гады таму, а цяпер сітуацыя паўтараецца толькі з іншым гуртом».

28 ліпеня ў Горадні на адкрытай пляцоўцы Новага замку мае адбыцца канцэрт знакамітага польскага гурта Lady Pank. Афіцыйнай інфармацыі пра адмену пакуль не было, таму мы звязаліся з Гарадзенскай абласной філармоніяй, каб высветліць пра лёс канцэрту.

«У сувязі з тым, што там раскопкі, знайшлі царкву, там перакапалі ўвесь Новы замак. Цяпер пытанне стаіць пра перанос канцэрту», – паведаміла намесніца па канцэртна-гастрольнай дзейнасці і ідэалагічнай працы Ганна Лычкоўская.

Па інфармацыі чыноўніцы, на гэты дзень усе пляцоўкі ўжо занятыя, таму перанесці канцэрт тэрытарыяльна немагчыма. Разглядаецца варыянт пераносу канцэрту на верасень.

«Таксама ў Новым замку, таму што гэта была ўмова гурта, бо ўсё ж такі замак польскі таксама. І гэта нашае славутае месца, і канцэрт вялікі, таму мы хацелі правесці непасрэдна ў Новым замку», – зазначыла Ганна Лычкоўская.

У філармоніі пакуль што намагаюцца звязацца з гуртом, каб абмеркаваць магчымасць пераносу на іншы дзень. Калі дамовіцца з гуртом не атрымаецца, то канцэрт будзе адменены. У філармоніі запэўніваюць, што, калі канцэрт усё ж такі будзе адменены, то грошы за квіткі вярнуць, тое самае, калі гледачам не будзе пасаваць новая дата. Паводле Ганны Лычкоўскай, хутка ўсё стане вядома і афіцыйная інфармацыя цягам некалькіх дзён з’явіцца на сайце філармоніі.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары