Цэнтр культуры ў Горадні ўзначаліў міліцыянт, які два гады таму збіў пешахода


Уладзімір Сацюк. Фота – uvd.grodno.by

Тэлеканал «Гродно плюс» падае, што новым кіраўніком Гарадзенскага гарадскога цэнтру культуры стаў Уладзімір Сацюк, які раней працаваў начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі ў УУС Гарадзенскага аблвыканкаму.

Уладзімір Сацюк скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Акадэмію МУС і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

Медыі пачалі пісаць пра Сацюка пасля таго, як у кастрычніку 2017 года ён збіў на ўласным аўце жыхарку Бярозаўкі Лідскага раёну. 50-гадовая жанчына з пераломамі трапіла ў шпіталь. Сацюк быў цвярозым.

Інфармацыю пра здарэнне ў афіцыйных зводках апублікавалі толькі праз 5 дзён. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне ПДР або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

Палкоўніка не затрымалі і не прад’явілі яму афіцыйнага абвінавачвання. Ён працягваў працаваць на сваёй пасадзе да адстаўкі, якая адбылася летась па выслузе гадоў.

Калегі Сацюка адгукаліся аб ім як аб прафесіянале.

«Інтэлігентны, выхаваны, ён сам вельмі перажывае з-за таго, што здарылася, – казалі калегі палкоўніка. – Ад ДТЗ ніхто не застрахаваны. Не дай Бог, вядома, але з кожным кіроўцам такое можа здарыцца», – цытуе гарадзенскіх міліцыянтаў «Hrodna Life».

 

Стужка навінаў