У гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча выходзіць новы альбом


Знакаміты гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч святкуе 60-годдзе. З гэтай нагоды свет пабачыў падвоены альбом «Viktar Šalkievič», які падсумоўвае чарговы этап творчасці музыкі. Першая прэзентацыя альбому мае адбыцца 16 лютага на канцэрце ў Менску, а таксама 27 лютага ў Горадні.

Альбом складзены з двух кружэлак: «Такая доўгая зіма» і «Балады. Найлепшае»

На дыску «Такая доўгая зіма» 9 твораў, якія суправаджае шчыры аўтарскі маналог.

«У гэтым альбоме ёсць усё, чаго прагне мая душа. Я пісаў яго не дзеля таго, каб камусьці спадабацца, я не ганюся за модай, якая ўсё адно зменіцца. Я вельмі хацеў, каб гэты альбом атрымаўся праўдзівым і «маім», – прыадчыняе таямніцу Віктар.

У другі дыск альбому, «Балады. Найлепшае», увайшлі 14 хітоў Віктара Шалкевіча ад «Шалёнай» да «Правінцыі» і «Смутнага беларускага блюзу».

Альбом «Viktar Šalkievič» выдадзены пры падтрымцы гарадзенскага Цэнтру гарадскога жыцця і інфармацыйнай падтрымцы «Белсату». Фундатарамі выдання сталі гарадзенскія сябры барда.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў