Гарадзенец, які 12 год ствараў макет «ідэальнага гораду», атрымаў прэмію


Сёлетняя прэмія імя Ядкоўскага, якая ўручаецца за дасягненні ў справе вывучэння і захавання спадчыны Горадні, дасталася Ігару Лапеху. Ён стварыў унікальны архітэктурны макет роднага гораду.

У рамках Дзён Святога Губерта ў Горадні традыцыйна ўручаюць прэмію імя Ядкоўскага. Гэтая прэмія паўстала ў 2012 годзе і ўручаецца ўжо ў сёмы раз тым, хто выступіў у абарону ці зрабіў унёсак у развіццё і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Горадні за мінулы год.

Фрагменты макету «Ідэальнай Горадні» Ігара Лапехі.

На прызавы фонд скідваюцца сябры журы

Гэта ўнікальны для Беларусі праект, арыентаваны выключна на адзін горад і яго культурнае поле – на Горадню. Юзэф Ядкоўскі, чыё імя носіць прэмія, быў стваральнікам гістарычнага музея ў Старым замку ў перадваенны час, гісторыкам і збіральнікам даўніны.

Момант уручэння прэміі імя Ядкоўскага Ігару Лапеху.

«Рашэнне па намінантах і лаўрэату прымае Рада прэміі, – тлумачыць гісторык і сябар Рады Таццяна Касатая, – Гэта каля 15 чалавек, прафесійныя гісторыкі ў асноўным. Сёлетняя прэмія – гэта грамата і прызавы фонд. На фонд, што цікава, грашыма складаюцца самі сябры журы, а не спонсары ці арганізацыі. У папярэднія гады была медаль з партрэтам Ядкоўскага, але сёлета яна замененая граматай».

Раней прэмію ўжо атрымлівалі, напрыклад, стваральнік адзінай у Беларусі аптэкі-музея Фёдар Ігнатовіч альбо «патрыярх» гарадзенскага краязнаўства і педагог Алесь Госцеў. Хто ж гэтым разам?

Момант уручэння прэміі імя Ядкоўскага Ігару Лапеху.

«Гэты чалавек даўно ўжо меўся атрымаць прэмію», – заўважыла спадарыня Таццяна падчас уручэння граматы Ігару Лапеху. Ягонае дасягненне – макет «Ідэальнай Горадні», які займае 16 кв. м і ўключае масу даўно зніклых архітэктурных скарбаў гораду: Палац Радзівілаў, Фара Вітаўта, ратуша і г.д. – усё тут!«

12 год працы і каля 15-17 тысяч даляраў

«Заўсёды прыемна і натхняльна, калі людзі бачаць плён тваёй працы і яе ацэньваюць, – адзначыў Ігар. – Спадзяюся, што праца працягнецца. Горадня будзе не толькі лепшым горадам у наяўнасці, але і ў макеце, таму што аналагаў у Еўропе фактычна няма».

Ігар Лапеха.

На стварэнне макету ў Ігара пайшло 12 год. Гэта на 80% ягоная праца і прыкладна на 20% – дапамога вучняў. Агульную колькасць грошаў, якія пацягнуў праект, Лапеха ацэньвае ў 15-17 тысяч даляраў. Гэта прыватныя сродкі аўтара. Зараз макет знаходзіцца ў Культурным цэнтры «Фестывальны» на вуліцы Тэльмана, 4 у Горадні і яго можа ўбачыць кожны.

Таццяна Касатая.

Спадар Ігар адзначае, што гэта яшчэ не канец працы. Ёсць пакуль не закранутыя часткі гораду – парк Жылібера альбо Гарадніца – якія яшчэ з’явяцца ў форме макету і будуць дасяжныя ўсім цікаўным. Праўда, зараз Лапеха больш спадзяецца на дапамогу вучняў, каб і ў гэтай справе падрастала маладая змена.

АК, фота Васіль Малчанаў, Belsat.eu

Стужка навінаў