Гарадзенец Дзяніс Лук'янаў, якога жорстка збілі міліцыянты, у коме


Стан 36-гадовага Дзяніса Лук’янава, якога, як сцвярджае ягоная сям’я, 20 ліпеня под Горадняй жорстка збілі байцы АМАПу, пагоршыўся. Лекары ўвялі мужчыну ў штучную кому. Пра гэта belsat.eu паведаміла стрыечная сястра Дзяніса Дар’я Салянік, якая 25 жніўня наведала брата ў шпіталі.

Паводле Дарʼі, калі яна прыйшла да брата, той быў яшчэ ў свядомасці, чуў яе, але не мог адказваць. «Лекары сказалі, што яму стала цяжка дыхаць. Упаў ціск, дыханне запавольваецца. Таму падключылі да апарата вентыляцыі лёгкіх», – кажа яна. Пасля сыходу стрыечнай сястры лекары ўвялі Дзяніса Лукʼянава ў стан штучнай комы.

Сваякі просяць адгукнуцца ўсіх, хто мог быць відавочцам затрымання і збіцця Дзяніса Лукʼянава міліцыянтамі. Сям’я хоча, каб вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці.

Hавiны
«На ім адпрацоўвалі прыёмы». Гарадзенец апынуўся ў рэанімацыі пасля збіцця міліцыянтамі
2019.08.23 15:23

20 ліпеня ля вёскі Караліно каля Горадні адбыўся аўтамабільны фестываль «SunDay». 36-гадовы Дзяніс Лук’янаў адпачываў там з сябрамі, яны выпілі разам. Калі пачалі разыходзіцца, Дзяніс развітаўся з кампаніяй і збіраўся ўжо пайсці дадому – там яго чакала жонка з трыма маленькімі дзецьмі. Тэрыторыю фэсту патрулявалі некалькі дзясяткаў міліцыянтаў, у тым ліку байцы АМАПу. Як сцвярджаюць сваякі Дзяніса, менавіта яны і заўважылі яго нападпітку, узялі пад рукі і павялі ў лес. «У лесе сілавікі пачалі адразу ж біць яго. Як ён распавядаў мне потым, на ім адпрацоўвалі прыёмы. Білі гумавымі дручкамі па ягадзіцах, сцёгнах і нагах. Потым узялі пад рукі, перавялі ў машыну ўчастковага, адвезлі ў РАУС для складання пратаколу», – распавядала раней belsat.eu ягоная стрыечная сястра Дар’я.

Праз некалькі дзён гарадзенец быў шпіталізаваны, трапіў у рэанімацыю з дыягназам некроз (амярцвенне) цягліцаў і заражэннем крыві. Дзяніс перанёс ужо 6 аперацыяў, яму ампутавалі частку ягадзіцы.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў