Гарадскія ўлады Менску дазволілі шэсце на Дзяды


Заяўнік шэсця-акцыі на Дзяды – партыя КХП БНФ – атрымала дазвол ад сталічных уладаў на правядзенне шэсця. Мерапрыемства адбудзецца ў нядзелю 28 кастрычніка.

Збор удзельнікаў распачнецца а 11.30 каля заводу «Луч» на станцыі метро «Парк Чалюскінцаў». Пасля збору шэсце накіруецца ў Курапаты, дзе запланаваны мітынг, акцыя завершыцца а 17 гадзіне.

Першая акцыя на Дзяды адбылася 30 гадоў таму 30 кастрычніка 1988 года. Тады, неўзабаве пасля стварэння аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту, было пастаноўлена адзначыць гэты дзень як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. І менавіта на той акцыі быў упершыню ўзняты бел-чырвона-белы сцяг у новай гісторыі Беларусі.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў