Ганна Красуліна будзе змагацца за права застацца ў Беларусі. Актывістка напісала ў амбасаду Расеі


Прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якую за адміністрацыйнае парушэнне высылаюць з Беларусі, накіравала зварот у расейскую амбасаду.

Паводле актывісткі, адразу пасля распаўсюду інфармацыі пра высылку, журналісты звярнуліся ў дыппрадстаўніцтва, дзе ім заявілі, што ведаюць пра сітуацыю, але каментаваць не будуць, бо сама яна да іх не звярталася.

«Каб атрымаць іх каментар, я і звярнулася. Але ў лісце я не прашу ані пра сустрэчу, ані пра дапамогу. Я інфармую іх пра тое, што адбываецца», – распавяла суразмоўца.

У звароце Ганна Красуліна разам з юрыстам разгледзела прававы бок прычынаў высылкі, якія ўказалі ў Маскоўскім РАУСе Менску. Гэтак, у артыкуле 56 закону «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў РБ» гаворыцца, што замежніку могуць адмовіць у відзе на жыхарства ў Беларусі пры наяўнасці цягам году пяці і больш адміністрацыйных парушэнняў.

«У мяне адно парушэнне за гэты год. Прычым гэта штраф за адсутнасць талончыка ў грамадскім транспарце, аплачаны на месцы», – дадала Ганна Красуліна.

Актывістка падкрэслівае, што ўлады спасылаюцца на іншы артыкул – 65. У ім напісана, што «іншаземец можа быць высланы з Беларусі ў інтарэсах грамадскага парадку».

«І ўсё. То бок у інтарэсах грамадскага парадку можна выслаць любога. І ў лісце паказваецца, што гэта неканкрэтная фармулёўка, якая пакідае прастору для фантазіі таго, хто высылае», – заявіла прэс-сакратар АГП.

Паводле яе, у Расеі, з якой у Беларусі афіцыйна адбываецца пэўная ўніфікацыя заканадаўства, закон пра высылку больш канкрэтны. Там неабходна не менш за два правапарушэнні, якія нясуць грамадскую небяспеку.

У лісце яна адзначае, што ўласнасці ў яе за межамі Беларусі няма, ехаць ёй няма куды, і нават ейныя бацькі з 2006 года пражываюць у Беларусі.

«І іх здароўе ўжо патрабуе ўдзелу з майго боку. Такім чынам, істотна пагаршаецца не толькі маё становішча, але і двух грамадзянаў Расеі– маіх бацькоў», – дадала актывістка.

Разам з тым ніякіх ілюзіяў адносна далейшых дзеянняў расейскага боку ў яе няма.

«Я цудоўна разумею, што яны будуць дзейнічаць, сыходзячы з палітычных інтарэсаў крамлёўскіх уладаў, а не маіх інтарэсаў. Менавіта таму я не пішу «Прашу абараніць мае правы». Я толькі інфармую, а далей на іх густ», – заявіла Ганна Красуліна.

Пры гэтым суразмоўца адзначыла, што высылкай беларускія ўлады ва ўмовах няпростых дачыненняў з Масквой даюць козыр расейскаму боку.

«Я разумею, што Беларусі гэта вельмі нявыгадна, а для іх гэта нібыта нейкія дробязі. Хай гэта маленькі повад, але гэта ўсё адно повад», – дадала яна.

Што рабіць і куды ехаць, Ганна Красуліна, якая ў бліжэйшыя дні мусіць пакінуць Беларусь, яшчэ не вырашыла.

«Хацелася б за гэты год вырасці прафесійна і набыць новыя досвед і веды для таго, каб гэта было карысна не толькі мне, але і для Аб’яднанай грамадзянскай партыі, супраць якой у асноўным і здзейсненая гэтая правакацыя, і для Беларусі. Каб гэта стала пасланнем і ўсім актыўным грамадзянам, якія тут жывуць, і ўладам: спрабуючы застрашыць і закрыць рот актыўным жыхарам краіны, вы насамрэч толькі робіце іх мацней. Што дзякуючы салідарнасці еўрапейскіх і дэмакратычных краінаў, яны не застануцца высланымі і кінутымі, а наадварот атрымаюць новыя магчымасці», – адзначыла суразмоўца.

У прыватнасці, прэс-сакратарка АГП спадзяецца атрымаць досвед працы ва ўстановах ці партыях ЕЗ або Украіны, асабліва з улікам набліжэння выбараў у гэтых краінах.

«Салідарнасць прынцыпова важная ў гэтай сітуацыі. Калі зараз краіны Еўрапейскага саюзу выкажуць толькі маральнае падтрыманне, то гэта таксама пэўны сігнал. Яны таксама мусяць гэта разумець, і я думаю, што яны гэта разумеюць», – заключыла Ганна Красуліна.

І адзначыла, што на ейным месцы можа апынуцца фактычна кожны беларус, бо ўлады маюць шмат рычагоў ціску на тых, хто жыве ў Беларусі.

«Кожны грамадзянін, які мае хоць нейкі ўплыў (мае грошы ці займае пасаду), падведзены пад крымінальную справу з добрым тэрмінам, і на кожнага дасье ляжыць. Адкуль гэтая статыстыка МУС пра тое, што 89 % грамадзянаў Беларусі здзяйснялі адміністратыўныя або крымінальныя злачынствы? Гэта ж не ад таго, што беларусы вось такія бандыты. Гэта адмысловая палітыка дзяржавы, законы складзеныя гэтак, каб кожны падпадаў калі не пад адзін, дык пад іншы», – разважае Ганна Красуліна.

Нагадаем, што прэс-сакратарка АГП Ганна Красуліна жыве ў Менску ўжо 16 гадоў, ейны муж і дзеці – беларусы паводле грамадзянства, бацькі таксама даўно перабраліся ў Беларусь. Фармальна яе высылаюць з прычыны трох адміністратыўных парушэнняў. Два гады таму на актывістку склалі пратакол за ўдзел у дазволеным пікеце па зборы подпісаў, летась – за сустрэчу з ізалятару на Акрэсціна затрыманых апазіцыйных актывістаў. І сёлетняе парушэнне – аплачаны штраф за безбілетны праезд у грамадскім транспарце.

Ганне Красулінай прадпісана выехаць з Беларусі да канца месяца на адзін год. Яна плануе абскарджваць рашэнне міграцыйнай службы ў судзе.

У Аб‘яднанай грамадзянскай партыі высылку Ганны Красулінай лічаць чарговым парушэннем правоў чалавека ўладамі Беларусі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў