Ганна Канапацкая вылучаецца на старшынёўства ў АГП


Ганна Канапацкая ў «Гарачым каментары» (9 кастрычніка)

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў заявіла аб сваім жаданні пазмагацца за пасаду кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Ганна Канапацкая адзначыла, што ў апошніх выбарах у мясцовыя Саветы толькі 4,72 % прадстаўлялі партыі, а АГП – 0,32 % (71 асоба), і дала сваю ацэнку гэтаму:

«Мясцовыя выбары, якія з’яўляюцца самымі простымі, на якіх атрымліваюць досвед новыя сябры партыі, абкатваюцца новыя метады палітычнай барацьбы і яе тэхналогіі, якія зʼяўляюцца падрыхтоўчай пляцоўкай да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, праваленыя. Гэты факт дазваляе мне сцвярджаць аб сістэмным крызісе ў кіраўніцтве Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

На жаль, шэраг скандалаў, звязаных з кіраўніцтвам партыі, якія выйшлі ў публічную прастору, толькі пацвярджаюць мае словы».

Ганна Канапацкая напісала пра тое, што кіраўніцтва АГП не падтрымала ейную ініцыятыву па стварэнні грамадзянскай кампаніі «Наперад, Беларусь!» і байкатавала супрацу, пры тым, што кіруе кампаніяй памочнік дэпутаткі Дзяніс Ціханенка, як сцвярджае яна сама.

Канапацкая мяркуе, што «глыбокі сістэмны крызіс партыі патрабуе тэрміновага вырашэння»:

«Я буду вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі, прадстаўлю праграму выхаду АГП з крызісу, у якім яна апынулася, таму абвяшчаю аб фармаванні каманды маіх прыхільнікаў-аднапартыйцаў і спадзяюся на падтрымку ўсіх сябраў партыі падчас зʼезду АГП».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў