Ганна Канапацкая па БТ паабяцала мірны і бяскроўны пераход улады


Кандыдатка на прэзідэнта выступіла на БТ і распавяла пра сваё бачанне Беларусі будучыні.

Экс-дэпутатка і кандыдатка на прэзідэнта Ганна Канапацкая пачала свой выступ па-беларуску, аднак перайшла на рускую мову, калі пачала гаварыць пра сваю праграму. Па-руску яна гаварыла да канца.

Ганна Канапацкая падчас выступу на БТ. Скрыншот з трансляцыі

«Я хачу, каб мяне дакладна зразумелі на ўсёй рускамоўнай прасторы», — так Ганна патлумачыла свой выбар.

Перш за ўсё, яна зазначыла, якім бачыць прэзідэнта. Паводле Ганны, чалавек на гэтай пасадзе мусіць быць неад’емнай часткай беларускага народу, моцным, энергічным, дасведчаным. Гэты чалавек мусіць адстойваць інтарэсы свайго народу, быць гатовым аддаць усяго сябе дзеля гэтага ажыццяўлення. Быць пільным і шчырым.

«У аснове гэтых патрабаванняў мусяць быць толькі інтарэсы Беларусі», – падкрэсліла кандыдатка.

Што будзе рабіць Ганна Канапацкая?

«Мы мусім спраўляцца з выклікамі і не згубіць суверэнітэт», — так абазначыла лінію кандыдатка.

Перамены даўно саспелі ў Беларусі, кажа Ганна Канапацкая. Прычым, ва ўсіх галінах. Яна зазначыла, што Беларусь мае шмат перавагаў: месцазнаходжанне, людзі, цудоўная прырода.

«Мы абавязаныя жыць, а не выжываць», – заявіла Ганна.

Яна падкрэсліла, што не мае чароўнай палачкі і не будзе абяцаць добрага жыцця ўжо заўтра. Бо шлях пераменаў патрабуе прафесіяналізму, цярпення, веры ў сябе і ў свае моцы. У праграме рэформаў Ганна будзе абапірацца на простых беларусах. І рэфармаваць краіну мірна і без рэвалюцыяў.

Ганна Канапацкая падчас выступу на БТ. Скрыншот з трансляцыі

Яна запэўніла, што не зʼяўляецца кандыдатам-спойлерам, удзел у выбарах – ейны свядомы выбар. Яна прыгадала свой досвед працы ў парламенце, бізнес, юрыдычную практыку.

«Зараз мне неабходнае вашае падтрыманне, вашыя галасы. Я вам патрэбная як прэзідэнт рэфарматар, які выступае за кансалідацыю, а не за раскол».

Крым — гэта Украіна

Ейная праграма «Я зраблю» абапіраецца на падтрыманне прафесіяналаў, вяртанне людзе з-за мяжы. У першыя месяцы яна правядзе Народны сход, дзе ўсе здолеюць выказацца, як пабудаваць Беларусь для людзей. Канапацкая абяцае, што за час ейнага прэзідэнцтва будуць створаныя ўсе паўнамоцтвы для пераходу ад аўтарытарнага рэжыму да дэмакратыі, аднак у прэзідэнта будзе адзін сямігадовы тэрмін.

У бліжэйшы час яна паабяцала стварыць новую нацыянал-дэмакратычную партыю. Яна абʼяднае ўсіх, для каго незалежная, дэмакратычная і еўрапейская Беларусь – каштоўнасць.

«26 гадоў мы жылі ў чаканні беларускага цуду. Па тэлебачанні гавораць адное, а ў жыцці – іншае. Мы вартыя іншага жыцця, іншай рэчаіснасці, у якой няма месца нявыкананых абяцанняў. Я зраблю так, каб вы адчувалі сябе шчаслівымі грамадзянамі вольнай краіны».

Ганна ў сваім выступе адказала на пытанне тэрытарыяльныя спрэчкі. І падкрэсліла, што ўкраінскі і грузінскі сцэнар не падыходзяць да Беларусі.

«Мы будзем пільныя. І варта памятаць, што Крым – гэта Украіна. Сухумі і Цхінвалі – Грузія», – зазначыла кандыдатка.

Таму яна не дапусціць, каб краіна была пастаўленая перад такім небяспечным выбарам. Для развіцця Беларусі паводле Ганны неабходна толькі тры кірункі:

  • Аднавіць нацыянальную ідэю
  • Павысіць эфектыўнасць дзяржаўнага кіравання
  • Забяспечыць эканамічны рост
Ганна Канапацкая адмовілася ад удзелу ў тэледэбатах.
Фота: facebook.com

БЧБ і эканамічны рост

Ганна Канапацкая верне бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», Дзень Волі стане галоўным дзяржаўным святам. А 27 ліпеня і 25 жніўня будуць дзяржаўнымі святамі. Крымінальная адказнасць — за адмаўленне існавання беларускай нацыі.

Кандыдатка зазначыла, што ў Беларусі добры патэнцыял праз месцазнаходжанне – гэта можна выкарыстаць. Таксама важна замацоўваць пазіцыю пасярэдніка-міратворца. Наракае яна і на знакамітую беларускую стабільнасць.

«Да ў нас сёння стабільнасць, але мы стаміліся ад яе. Стабільна нізкі заробак, стабільна растучыя кошты, стабільная інфляцыя», – абураецца Канапацкая.

Яна падкрэсліла, што дзейныя ўлады захавалі прамысловасць. Аднак яе трэба рэфармаваць. Ейная праграма скароціць уплыў дзяржавы ў эканоміцы, прадугледжвае падтрыманне ІТ-сектару, прыватную ўласнасць на зямлю ды падтрыманне бізнесу.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

«Не трэба абмяжоўвацца, трэба выбудоўваць узаемавыгадныя стасункі, без аглядкі на ўсходняга суседа».

Канапацкая абяцае стварыць прававую дзяржаву, дзе не будзе палітзняволеных і рэпрэсіяў. А галіны ўлады будуць адасобленыя.

«Абіраючы мяне прэзідэнтам, вы можаце быць пэўнымі, што я стрымаю свае словы», – запэўніла Ганна.

Яна абяцае зрабіць рэформы мірнымі і прадуманымі. Заклікае беларусаў прыйсці 9 жніўня і аддаць голас за яе. Бо яна адзіная, хто прапаноўвае цывілізаваны і бяскроўны пераход улады ў Беларусі.

«Мая праграма – для людзей. Галасуйце за мяне, Ганну Канапацкую. Шчыры дзякуй», — так яна скончыла выступ.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў