Ганна Канапацкая на пікеце ў Віцебску: «200 тысяч подпісаў? Дык я зайздрошчу Лукашэнку!»


У Віцебску 26 траўня прайшоў першы пікет па збору подпісаў за прэтэндэнтку ў кандыдаты на прэзідэнцтва Ганну Канапацкую. Яна сама прыехала ў горад Шагала. Ейны пікет быў выстаўлены каля гандлёвага цэнтру «Марка-сіці», у народзе яго называюць «піраміда».

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Прэтэндэнтка ў кандыдаты ў прэзідэнты Ганна Канапацкая прызналася, што за першую гадзіну працы яны з камандай сабралі крыху больш за 40 подпісаў віцяблянаў, а ад пачатку ўсёй кампаніі – 7,5 тысячы па ўсёй краіне.

Намёк на 200 тысяч подпісаў, сабраных за 4 дні за Аляксандра Лукашэнку ўспрымае са смехам:

«Ну што я магу сказаць? Зайздрошчу!»

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

«Дык я магу сказаць, што мільён за сёння сабрала!»

«Сёння, бачыце, я на пікеце, вось сябры маёй каманды. Гэта цяжкая праца! Пачынаецца дождж, але мы ўсё адно будзем стаяць. За гадзіну – 43 подпісы. Дык мы працуем! Менавіта гэта азначае, што я маю падтрымку сярод людзей. А заяўляць у паветра пра 200 тысяч… Ды я магу сказаць, што ў мяне сёння мільён сабраны! І наколькі гэтаму можна будзе верыць? Дык раблю ўсё, каб гэтая падтрымка была не толькі ў паветры, але і на паперы», – тлумачыць патэнцыйная кандыдатка.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Амаль з кожным, хто пакідае свой подпіс, Канапацкая размаўляе. Каля 10 хвілінаў яна эмацыйна тлумачыць віцебскім студэнткам, што яны ж маладыя і таму не мусяць быць такімі пакорлівымі, каб даваць подпісы пад прымусам.

Праз гадзіну пачаў накрапваць дожджык. Людзей паменела.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

«Шанцы на перамогу? Абсалютна рэальныя!»

«Старт кампаніі – вельмі цікавы. З’явіліся людзі, якія не маюць на мэце змену ўлады ў Беларусі, то бок не з’яўляюцца сапраўднымі палітыкамі, але робяць усё, каб расцярушыць галасы і нарабіць перашкодаў для іншых удзельнікаў, якія маюць перад сабой абсалютна рэальныя мэты – змены ў Беларусі. З’явіліся людзі, якія гатовыя прадаць незалежнасць Беларусі. Думаю, што вашыя чытачы добра ведаюць, пра каго вядзецца [гаворка. – Belsat.eu] …», – кажа Канапацкая.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Свае шанцы на перамогу патэнцыйная кандыдатка бачыць «абсалютна рэальнымі». Але пры адной умове – калі будзе строга выконвацца дзейнае заканадаўства.

– А калі не будзе? – пытаемся.

– Рытарычнае пытанне, так? – смяецца Канапацкая.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

«Амбіцыі для кандыдата – найперш!»

Праз некаторы час на пляцоўцы перад «пірамідай» зʼяўляюцца яшчэ некалькі пікетаў для збору подпісаў – за Сяргея Чэрачня і Святлану Ціханоўскую.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Да століка з надпісам «Страна для жизни» (блог Сяргея Ціханоўскага, мужа Святланы) адразу выцягваецца невялікая, але чарга. Да пікету Канапацкай хвілін 15 зусім ніхто не падыходзіць.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu
Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Зборшчыкі подпісаў размаўляюць пра надворʼе, абмяркоўваюць паліто Канапацкай.

– Гэта сапраўдны «Шанэль»?

– Так, сапраўдны!

Крыху пазней экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў знікае ў гандлёвым цэнты «Марка-сіці», каб ацаніць асартымент мясцовых буцікаў.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Пакуль яе няма, размаўляем з кіраўніком віцебскай арганізацыі БНФ Кастусём Смолікавым, які пакінуў подпіс за Канапацкую.

«Я за ўсіх падпісваюся, мне сімпатычныя людзі, якія хочуць [нешта змяніць. – Belsat.eu]. Амбіцыі для кандыдата – найперш. Толькі чалавек амбітны здолее павесці за сабой. Толькі чалавек, які заклікае нешта рабіць, а не адседжвацца ў хаце і не лайкаць у сацсетках. Гэтыя якасці мае Канапацкая», – упэўнены Смолікаў. Ён, дарэчы, адзіны сябра партыі БНФ на ўсю Беларусь, які быў уключаны ў абласную камісію па выбарах.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

«Мне ўсё адно – абы не ён…»

Подпісы за Канапацкую па чарзе пакідаюць дзве маладыя дзяўчыны.

«Ведаеце, я найперш супраць аднаго ўсім вядомага кандыдата, таму мне ўсё адно – абы не ён. Буду падпісваць не толькі за Канапацкую, бо хачу, каб у маім жыцці застаўся шанец…», – кажа дзяўчына, якая назвалася Кацярынай. Пасля пікету Канапацкай яна накіроўваецца да групы зборшчыкаў за Ціханоўскую.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Пакідае свой подпіс за Ганну Канапацкую і Віктар з віцебскага мікрараёну Білева, які прызнаецца, што апошні тыдзень не дастае ўдома з кішэні свой пашпарт, каб не забыцца на яго і пакінуць подпісы за ўсіх.

«Не толькі за Канапацкую падпісваюся. Вось і за Чэрачня аддаў. За дзейнага прэзідэнта – скажам так, думаю, ці варта, – яму і так хапае. Што прываблівае ў Канапацкай? Адназначна не скажу, але я за альтэрнатыву. Дык чаму ж не яна? Такая прыгожа жанчына!» – гаворыць віцяблянін.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Дожджык то ўзмацняецца, то перастае. Большасць віцяблянаў, якія ў гэты час вяртаюцца з працы дадому альбо ідуць у накірунку гандлёвага цэнтру, абыякава мінаюць актывістаў, што стаяць пад сцягам белага і чырвонага колеру. На ім напісана: «Я зраблю!»

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Зміцер Казакевіч, фота Вячаслава Лазарава Belsat.eu

Стужка навінаў