Ганна Канапацкая адмаўляецца ад удзелу ў тэледэбатах


Яна патлумачыла на сваёй старонцы ў Facebook, што «не хоча ўдзельнічаць у дзіцячым шоу пракрамлёўскіх марыянетак».

Ганна Канапацкая адмаўляецца ад удзелу ў тэледэбатах. Кандыдатка на прэзідэнцтва паведаміла, што рашэнне ёй далося нялёгка. З аднаго боку два канкурэнты былі «прыбраныя рашучымі дзеяннямі свайго былога гаспадара» [гаворка ідзе пра Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, якіх ЦВК не зарэгістравала як кандыдатаў – belsat.eu]. Але з іншага яна не можа пераступіць праз маральныя і этычныя перакананні.

https://www.facebook.com/anna.kanopatskaya/photos/a.1096013083781126/3082479685134446/?type=3&theater

«Як палітык, які мае досвед і адбыўся, я не маю ані права, ані жадання спаборнічаць з заведама больш слабымі апанентамі. Удзельнічаць у дзіцячым шоу пракрамлёўскіх марыянетак, які складаецца з хлопчыкаў-спойлераў і дзяўчынак-хахатушак, дазволіць сабе не магу аніяк. Мне яшчэ краінаю кіраваць», – напісала спадарыня Капанацкая.

У панядзелак, 20 ліпеня, яна накіруе адпаведны ліст у ЦВК, у якім папросіць пераразмеркаваць вылучаны на яе на дэбаты час, для іншых кандыдатаў.

Ганна Капацкая стала адным з пяці зарэгістраваных ЦВК прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва, нягледзячы на тое, што першапачаткова ў камісію яна здала на 30 тысячаў меней подпісаў, чым ёй у выніку залічылі.

Сёлета прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў