Гандбол. Беларусь пакідае ЧС пасля разгрому ад шведаў


У 1/8 фіналу Беларусь саступіла Швецыі 22:41.

Задачай мінімум для зборнай Беларусі быў выхад у плэй-оф турніру. Для гэтага трэба было трапіць у квартэт наймацнейшых (з шасці камандаў) на першым этапе чэмпіянату свету. Але нацыянальная зборная Беларусі пачала турнір з сенсацыйнай паразы ад Чылі, потым перамагла Саудаўскую Аравію, пасля чаго пры добрай гульні прайграла харватам і немцам.

У заключным матчы групавога турніру зборнай Беларусі для выхаду ў плэй-оф неабходна было перамагаць Вугоршчыну (якія да гэтага прайгралі сем матчаў з сямі), але каманда Юрыя Шаўцова змагла здзівіць, скокнуўшы вышэй за галаву – абыграўшы Вугоршчыну з лікам 27:25, і выйшла ў плэй-оф з трэцяга месца ў групе.

Але ў 1/8 фіналу ў матчы са Швецыяй барацьбы не атрымалася, беларусы праваліліся ў першым тайме (11:24) і без шанцаў прайгралі ўсю гульню – 22:41. У нашай камандзе галы закінулі Каралёк (7), Пухоўскі (4), Броўка, Кулеш, Юрынок, Баранаў, Падшывалаў (па 2) і Астрашапкін (1).

Цяпер у ¼ фіналу Швецыя згуляе з Францыяй. Для Беларусі гэта быў чацвёрты выступ у фінальнай частцы чэмпіянату свету, да гэтага яна займала 9-е (1995 год) месца, 15-ое (2013 год) месца і 18-ое (2015 год) месца, цяпер жа беларусы фінішуюць у дыяпазоне ад 11-га па 14-ае месца.

Бар’ер 1/8 фіналу не здолела пераадолець і зборная Расеі, якая саступіла 26:32 Славеніі, а зборная Польшчы наагул не змагла выйсці ў плэй-оф.

АС belsat.eu

Стужка навінаў