Гандбол: Беларусь–Харватыя. Трэнеры і букмекеры – пра шанцы зборнай


Зборная Беларусі гуляе сёння з Харватыяй на Чэмпіянаце Еўропы, які распачынаецца ў Польшчы. Трэнеры абедзвюх камандаў каментуюць шанцы беларусаў.

Беларуская зборная на першым этапе выступіць у Катавіцэ на пляцоўцы «Сподэк Арэны»: гульня з Харватыяй ужо сёння ўвечары.

У нядзелю нашую дружыну на арэне «Сподак» чакае сустрэча з Ісландыяй, у аўторак – паядынак з Нарвегіяй.

Для праходжання ў наступны этап трэба не застацца апошнімі ў квартэце «B»: няўдачнікі паедуць дадому.

Зборная Беларусі прабілася на топ-турнір у чацвёрты раз. Апошні раз найлепшага выніку, восьмага месца, нашыя гандбалісты дамагліся на Чэмпіянаце Еўропы 1994 году.

Паводле букмекераў, шанцы беларускай зборнай выйсці з групы ды не заняць апошняе месца – найніжэйшыя. Не на нашую карысць сведчыць і статыстыка асабістых сустрэчаў з суседкамі па групе «B». Напрыклад, з харватамі беларусы сустракаліся 11 разоў – ніводнай перамогі. Зрэшты, менавіта гэтая зборная, паводле букмекераў, павінная заняць у групе «B» 1 месца.

Прастору для роздумаў пакідае і стан некаторых гульцоў: у Польшчу праз траўмы не паехалі правы крайні Дзяніс Рутэнка і брамнік Віталь Чарапенька.

Юры Шаўцоў, галоўны трэнер зборнай, прызнаецца, што засяроджаны на будучыні зборнай, а не на сёлетнім чэмпіянаце:

«Зборная – у працоўным стане. У параўнанні з чэмпіянатам свету ў Катары, склад каманды змяніўся на 50 %. Некаторыя маладыя гульцы яшчэ шукаюць свайго месца. На гэта патрэбны час. Калі прааналізаваць апошнія турніры, нашыя вынікі паступова паляпшаюцца. Канкрэтнае мэты на чэмпіянат Еўропы перад камандай не стаўлю. Галоўнае для нас – палепшыць уласную гульню.Зараз мы рыхтуемся толькі да першай гульні – супраць зборнай Харватыі».

Зборную Харватыі ўзначальвае Жэлька Бабіч, які летась і пазалетась трэніраваў Берасцейскі гандбольны клуб. Ён лічыць узровень беларусаў даволі высокім:

«У беларускай зборнай ёсць будучыня. Гэта правільна, што ваша зборная працуе на перспектыву. У нашай камандзе таксама шмат пачаткоўцаў. І маё асноўнае заданне на турнір у Польшчы – даць ім усім як мага больш гульнявога часу. І, вядома ж, спрабаваць выйграваць».

«Калі прайграем беларусам – будзе вельмі дрэнна. Але я веру, што Харватыя павінна заўтра перамагчы. Хоць гульня будзе складанай. Хаця б таму, што гэта стартавая гульня на чэмпіянаце», – кажа Бабіч.

Харват добра ведае беларускую зборную, але і нашыя гульцы абазнаныя з манерамі Бабіча. Ці здолее зборная перарваць негатыўную гісторыю сустрэчаў з балканцамі?

Алесь Ляўчук, ДД, belsat.eu

Стужка навінаў