Гамяльчук збіў афіцыянтку пасля просьбы аплаціць рахунак


Рамантычная вячэра можа скончыцца трыма гадамі турмы.

Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэту завяршыў расследаванне крымінальнай справы па збіцці двух працаўніцаў кавярні 25-гадовым жыхаром Гомля.

Паводле Марыі Крываногавай, афіцыйнай прадстаўніцы Следчага камітэту па Гомельскай вобласці, два месяцы таму шлюбная пара павячэрала ў адной з гомельскіх гастранамічных установаў, падʼеўшы і падпіўшы больш як на 400 тысячаў рублёў. Калі прыйшоў час разлічвацца, госці праігнаравалі просьбу аб аплаце і выйшлі на вуліцу.

Менеджар і афіцыянтка выбеглі ўслед за імі. За рагом суседняга будынку парушальнікі затрымаліся. У адказ на патрабаванні аплаціць рахунак мужчына пачаў збіваць менеджара і афіцыянтку. Нецвярозага спадара спынілі трое наведнікаў кавярні, якія падаспелі на дапамогу жанчынам. Яны ўтрымлівалі мужчыну да прыезду супрацоўнікаў міліцыі.

У шпіталі ў менеджара дыягнаставалі страсанне галаўнога мозгу і множныя ўдары мяккіх тканак, у афіцыянткі – пералом вялікага пальца на правай кісці.

Дзеянні абвінавачванага следства кваліфікавала паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, суправаджаюцца прымяненнем насілля з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Цяпер яму пагражае нават тры гады турмы.

Аказалася, што абвінавачаны гамяльчук двойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за злоснае хуліганства і шмат разоў – да адміністрацыйнай, у тым ліку больш за 30 разоў за безбілетны праезд.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў