Сямейнае гняздо на габрэйскіх могілках? Гамяльчук: «Гэта ідыятызм»


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=j_hI4WMLpCQ&feature=youtu.be”][vc_column_text]На месцы старых габрэйскіх могілак на рагу вуліцы Сожскай і Валатаўской мае паўстаць жылы комплекс «Ветразь». Сёлета ў траўні кампанія-інвестар «Аграпрамбуд» атрымала дазвол ад гарвыканкаму.

«Няхай знойдуць іншае месца для будоўлі. Як жа людзі будуць жыць на месцы, дзе пахаванні? Яны будуць ведаць, што там пахаванні», – кажа прадстаўніца габрэйскай грамады Гомля Тамара Фейгіна.

А пра тое, што могілкі тут дакладна былі, сведчыць план гораду за 1913-ты год. На гэтай мапе цяперашняя Сожская вуліца носіць назву Багадзельнай. Як бачна, захаванні месціліся на двух мысах. На адным з іх пабудавалі стадыён яшчэ ў 2008-ым годзе. Тады парэшткі проста вывозіліся на сметніцу, пакуль краязнаўца Яўген Малікаў не забіў трывогі.

«Раней, у 90-я гады такое было, што гісторыкі ўдзельнічалі ў паседжаннях горадабудаўнічага савету з правам голасу, і да іх меркавання прыслухоўваліся. Зараз гэтага няма, і таму ўвесь час вылазяць нейкія такія праекты, якія з пункту гледжання архітэктуры можа і нармальныя, але з пункту гледжання маралі, эстэтыкі, чалавечых нейкіх адносін зʼяўляюцца непрымальнымі», – тлумачыць гісторык Яўген Малікаў.

Забудоўнік факт узвядзення гмаху на парэштках адмаўляе. Аднак абыякавасцю да гістарычнай асаблівасці пляцоўкі адзначыліся найперш мясцовыя ўлады. Хаця ёсць звесткі гісторыкаў і сведчанні мясцовых.

«Уздоўж нашага дому, уздоўж нашага плоту будаўнікі капалі траншэю, абразалі газ. То тут дзеці нашыя, мы – вельмі многа чарапоў было і касцей», – распавядае жыхарка вуліцы Валатаўской.

Іна Архіпцава жыве ў даваенным доме на вуліцы Валатаўской. Для яе будоўля непрымальная яшчэ і таму, што стварае пагрозу аварыйнаму дому, высялення з якога некалькі семʼяў чакаюць з 80-ых гадоў. Дарэчы, першапачаткова будынак належаў габрэйскай сямʼі, што, паводле спадарыні Архіпцавай, ёсць яшчэ адным доказам існавання могілак.

Прадстаўнікі габрэйскае грамады адзначаюць, што гомельцы ведаюць і памятаюць даўнія пахаванні.

«Вось калі пройдуць стагоддзі, людзі забудуць, наступнае пакаленне. Можа быць так, што ўсё пабудаванае напэўна на касцях, але пакуль памяць жыве, ні ў якім разе нельга гэтага дапусціць», – кажа мясцовая жыхарка Святлана Яновіч.

Цяпер – збіраць подпісы і пісаць калектыўныя скаргі, каб спыніць рэалізацыю праекту. А часу ў гомельцаў засталося няшмат – прадаваць кватэры ў будучы «дом на касцях» плануюць пачаць ужо ў лютым.

Таццяна Рэўтbelsat.eu

Стужка навінаў