Гамельчукі вязуць у Чарнігаў гуманітарку, каб дапамагчы байцам АТА і ўцекачам


З пачатку вайны ва Украіне забеспячэнне пацярпелых ад баявых дзеянняў рэчамі першай неабходнасці ўзялі на сябе валанцёры. У тым ліку з Беларусі. Дапамога ў Чарнігаў гэтымі днямі прыйшла і з самага блізкага да ўкраінскага гораду абласнога цэнтру нашае краіны. Гамяльчук Алесь Яўсеенка прывёз вопратку, абутак, рэчы першай неабходнасці.

«Мы памагаем канкрэтным людзям, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, у становішча, калі яны страцілі жытло, страцілі рэчы першай неабходнасці. Зіма наступіла цяпер, і, безумоўна, мы лічым, што можам і павінныя дапамагчы», – кажа Алесь Яўсеенка.

Сярод іншых неадкладнай дапамогі патрабуюць уцекачы. Плынь якія не сціхае і цяпер.

«Цяпер прыязджаюць уцекачы, у якіх няма нічога. Яны ўцякаюць, бо застаюцца без будынкаў ды едуць на Чарнігаўшчыну. І такім людзям рэчы, якія прывозяць беларусы, патрэбныя», – распавядае кіраўнік дабрачыннага фонду «Абаронім Украіну» Аляксандр Ясенчук.

Праз два гады з пачатку вайны новай уладзе з большага ўдалося наладзіць забеспячэнне войска амуніцыяй і зброяй. Але ўдзельнікам АТА патрэбна і іншая дапамога – рэабілітацыя, працаўладкаванне, адукацыя. Гэтую функцыю ўзяла на сябе дзяржава.

«У нас дзее праграма для байцоў, якія дэмабілізаваліся. Мы іх падтрымліваем, аплочваем курсы падрыхтоўкі, калі яны жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю ці правы кіроўцы. Дзяржава ўсе гэта аплочвае байцам АТА», – адзначае старшыня Чарнігаўскай абласной адміністрацыі Валерый Куліч.

Тым часам сітуацыя на ўсходзе Украіны застаецца складанай. За мінулыя суткі пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў у зоне АТА абстралялі 37 разоў. 24 з іх – у Марыупальскім кірунку.

Тася Нікіценка, belsat.eu

Стужка навінаў