Гамельчукі падалі скаргу ў КДК, каб «абараніць зялёныя вуліцы гораду»


Жыхары Гомлю не пагаджаюцца на рэканструкцыю цэнтральнай гарадской плошчы.

Менавіта таму пасля безвыніковай перапіскі з гарвыканкамам, гомельскія гісторыкі і актывісты ініцыятывы «Разам абаронім зялёныя вуліцы Гомлю» падрыхтавалі калектыўны зварот у Камітэт дзяржкантролю.

«Плошча Леніна – гэта помнік гісторыка-культурнай спадчыны «Гарадзішча старажытнага Гомлю», таксама гэта ахоўная зона палацава-паркавага ансамбля, які мае вышэйшую нацыянальную катэгорыю «0». Мала таго што будаўніцтва падземных пераходаў можа абмежаваць доступ да цэнтральнага парку для інвалідаў, пенсіянераў, паменшыць турыстычную прывабнасць цэнтру Гомлю, яно яшчэ і паўплывае на эстэтыку і экалагічную сітуацыю цэнтру гораду, дзе зʼявіцца яшчэ больш транспарту», – адзначыла грамадская актывістка і гісторык Марыя Ляпіна-Булавінская.

І нагадала, што гараджане маюць права браць удзел у рэалізацыі горадабудаўнічай палітыкі праз правядзенне грамадскіх абмеркаванняў. Але чыноўнікі адмовілі гамельчукам у рэалізацыі гэтага права.

Улады падазраюцца ў парушэннях

Цяпер гісторыкі ды актывісты ініцыятывы маюць падставы для падазрэнняў мясцовых уладаў у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і нерацыянальным выкарыстанні бюджэтных сродкаў.

З пісьмовых адказаў пракуратуры Гомлю і гарвыканкаму, якія атрымалі актывісты, вынікае, што ўпраўленню капітальнага будаўніцтва (УКБ) даручана правесці дзяржзакупкі па выбару праектных арганізацыяў для распрацоўкі перадпраектнай дакументацыі па будаўніцтве на плошчы пешаходных пераходаў. Гарвыканкам ужо вылучыў на гэта грошы, ужо абраная праектная арганізацыя.

«Але будаўніцтва падземных пераходаў на плошчы Леніна супярэчыць закону, паколькі – чытаем у адказе пракуратуры – плошча Леніна размешчана ў межах ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці, на тэрыторыі якой забаронена будаўніцтва новых будынкаў і збудаванняў. Пра гэта ж гаворыцца і ў афіцыйным лісце палацава-паркавага ансамбля: уся тэрыторыя плошчы Леніна зʼяўляецца ахоўнай зонай і ўяўляе сабой тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці», – падкрэсліла Марыя Ляпіна-Булавінская.

Яна адзначае, што парушэнні закона пакуль няма – будаўнічыя работы на плошчы не вядуцца, цяпер толькі рыхтуецца перадпраектны дакумент. Але актывісты лічаць, што гарвыканкам ужо нерацыянальна выдаткоўваў бюджэтныя сродкі, якія вылучыў на падрыхтоўку перадпраектнай дакументацыі магчымай рэканструкцыі, якая супярэчыць закону.

Паводле інфармацыі, размешчанай на афіцыйным сайце па дзяржаўных закупах УКБ, прыкладны кошт усёй перадпраектнай дакументацыі складае Br 210 млн.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў