Гамельчука судзяць за рэпост парадаў ад анархістаў


Як паведамляе «Гомельская Вясна», 7 сакавіка ў АУС Цэнтральнага раёна Гомлю пачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага. Супраць яго склалі адміністрацыйны пратакол, паводле абвінавачвання ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП).

Сутнасць правапарушэння ў тым, што мужчына на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» падзяліўся публікацыяй «Што рабіць, калі вас заганяюць у БРСМ. Парады ад анархістаў».

«Мяне выклікаў маёр міліцыі Ілля Крук і прад’явіў скан са старонкі ў Фэйсбуку. Аказваецца, яшчэ 6 лістапада летась я зрабіў рэпост інфармацыі пра БРСМ і анархістаў. Я ўжо нават не памятаю, націснуў кнопку «падзяліцца» па памылцы або свядома. Нават калі свядома, адкуль мне ведаць, што гэтая інфармацыя ўключаная ў спіс экстрэмісцкіх», – патлумачыў Пётр Маркоўскі.

Пётр Маркоўскі лічыць, што яго пераследуюць за актыўнасць і ўдзел у «маршах недармаедаў» 2017 году.

На думку праваабаронцы Леаніда Судаленкі, дзяржаўныя органы занадта шырока трактуюць само паняцце «экстрэмізм».

«Бяруць любую сацыяльную сетку, любую групу, якая крытыкуе існую ўладу, і прызнаюць рэсурс экстрэмісцкім. Мне невядома, чаму рэпост інфармацыі пра БРСМ і анархістаў прыроўнены да экстрэмізму. У нас кожны, хто не згодны з уладай – ужо экстрэміст. Калі ёсць абмежаванне на распаўсюд інфармацыі, то павінна быць тлумачэнне – якую мэту пераследуе дадзенае абмежаванне? Гэта закранае правы і свабоды іншых грамадзянаў, нацыянальную бяспеку, тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы? Пакуль я бачу, што справа прыцягнутая за вушы», – пракаментаваў сітуацыю Леанід Судаленка.

Згодна з часткай 2 артыкулу 17.11 КаАП распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, цягне штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў