Гальштукі і «тупыя прадметы» забіваюць крамлёўскае атачэнне


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/1XXgiE_MoR0″][vc_column_text]Адзін па адным гінуць набліжаныя да ўлады асобы. Генералы, кіраўнікі ГРУ, мільярдэры. У пятніцу МЗС Расеі пацвердзіла, што Міхаіл Лесін памёр не ад сэрцавага спохвату, як сцвярджалі раней. Чарговыя сакрэты Крамля – у магіле.

Міхаіла Лесіна маглі забіць: амерыканскія судмедэксперты заявілі, што смерць расейца наступіла ў выніку ўдараў па галаве і шыі тупым прадметам. Былога кіраўніка «Газпром-медыя», экс-міністра Расеі ў пытаннях сродкаў масавай інфармацыі, блізкага да Уладзіміра Пуціна чалавека знайшлі мёртвым у адным з вашынгтонскіх гатэляў 5 лістапада 2015 года. Расейскія тэлеканалы яшчэ да правядзення экспертызы называлі прычынаю смерці сэрцавы спохват. Амерыканскі бок пачаў следства.

«Таямніцу акалічнасцяў смерці Лесіна падагравалі здагадкі пра тое, што яго забілі пасля таго, як ён прыехаў у Вашынгтон, каб заключыць угоду з FBI. Лесін, безумоўна, мог шмат распавесці пра блізкае атачэнне Пуціна – ён працаваў з некаторымі з самых уплывовых людзей у расейскіх медыях і фінансавай сферы», – кажа Шэйн Гэрыс з «The Daily Beast».

Гісторыя Лесіна – толькі адное са звёнаў ланцужка таямнічых смерцяў людзей, якія валодалі пэўнымі сакрэтамі Крамля.

Да гэтага шэрагу можна аднесці смерці старшыні ГРУ Ігара Сергуна і двух лідараў расейскага антыдопінгавага агенцтва «Русада».

У Крамлі кажуць, што Сяргун памёр 3-га студзеня ў Падмаскоўі, амерыканская ж прыватная выведча-аналітычная кампанія Stratfor сцвярджае, што генерал памёр на два дні раней у Лівіі.

3 лютага раптоўна памірае былы кіраўнік антыдопінгавага агенцтва Вячаслаў Сінеў – акурат пасля пачатку міжнароднага следства пра масавае ўжыванне допінгу ў Расеі. Праз 10 дзён памірае наступны кіраўнік агенцтва Мікіта Камаеў. Перад смерцю ён дасылае амерыканскаму журналіст ліст.

«Я хачу напісаць кнігу з праўдзіваю гісторыяй спартовай фармакалогіі ды допінгу ў Расеі з 1987 года, калі я працаваў у сакрэтнай лабараторыі Інстытуту спорту і медыцыны СССР. Я валодаю інфармацыяй і фактамі, якія ніколі раней не публікаваліся», – піша Камаеў у «The Sunday Times».

5 снежня ў адным з хмарачосаў «Масква-сіці» павешаным на некалькіх гальштуках знайшлі юрыста Дзмітрыя Шумкова, 43-гадовага доларавага мільярдэра. Бізнесоўца быў чалавекам з атачэння Дзмітрыя Мядзведзева, менавіта ён зарганізаваў у 2008-ым годзе сетку з 24 тыс. перадвыбарчых штабоў палітыка.

«Таямнічая смерць Дзмітрыя Шумкова супала з выхадам у свет фільму-расследавання дзейнасці генпракурора Чайкі і ягоных адораных сыноў. Ёсць версія, па якой менавіта Шумкоў, які меў добрыя сувязі і шырокі «інсайд» у Генпракуратуры, «зліў» следчым з каманды Навальнага аглушальны кампрамат. За што і быў «пакараны», – заяўляла радыё «Свабода»

Эксперты лічаць, што серыя смерцяў блізкіх да Крамля чыноўнікаў, сілавікоў і бізнесоўцаў – замятанне слядоў напярэдадні пашырэння санкцыяў з боку Захаду.

Учора стала вядома пра смерць экс-кіраўніка «ГОхрАна» Уладзіміра Рыбкіна. Цела было знойдзена каля ягонага дома. Рыбкін меў траўмы, «характэрныя для падзення з вышыні».

Выданне «Русский еврей» узгадвае гісторыю з 1991-га года, калі падзенне з вакна абарвала жыццё тагачаснага кіраўніка «ГОхрАна» Мікалая Кручыны ды забрала з сабою ў магілу сакрэты «золата партыі».

Ігар Кулей, «Белсат»; ДД

Стужка навінаў