Галоўныя пагрозы для сусветнай эканомікі ў наступным годзе


Сусветныя гандлёвыя войны, Brexit і сітуацыя з коштамі на нафту з’яўляюцца асноўнымі пагрозамі, якія могуць паўплываць на рост сусветнай эканомікі ў наступным годзе.

Пра гэта гаворыцца ў аглядзе, апублікаваным на сайце агенцтва Bloomberg.

Небяспека гандлёвых войнаў

На тле сусветных гандлёвых войнаў эксперты звяртаюць асаблівую ўвагу на ўзаеміны паміж ЗША і Кітаем. Кіраўнікі гэтых магутных дзяржаваў 2 снежня дамовіліся прыпыніць працэс нагнятання двухбаковых гандлёвых супярэчнасцяў. У прыватнасці, старшыня КНР Сі Цзінь Пін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падрабязна абмеркавалі сітуацыю, якая склалася ў кітайска-амерыканскіх адносінах.

Абодвум краінам неабходна прыйсці да ўзаемаразумення па праблемах, якія лічацца асноўнымі перашкодамі для развіцця ўзаемных кантактаў. Сярод такіх перашкодаў узмацненне доступу да рынкаў, абарона інтэлектуальнай уласнасці, ліквідацыя абмежаванняў на экспарт найноўшых тэхналогіяў, забеспячэнне кібербяспекі і барацьба з сеткавымі злачынствамі. У выпадку, калі выхад з сітуацыі не будзе знойдзены ў бліжэйшыя тры месяцы, Вашынгтон паабяцаў павысіць існуючыя тарыфы ў памеры 10 % на шырокі пералік кітайскай прадукцыі.

У выпадку ўвядзення ЗША мытаў на імпарт усіх кітайскіх тавараў, ВУП КНР можа страціць каля 1,5 % у наступным годзе, а ў цэлым сусветная эканоміка – да 5 %, адзначаюць эксперты Bloomberg.

Пагрозы ўнутры Еўразвязу

Да іншых пагрозаў аналітыкі адносяць эканамічную сітуацыю ў Італіі. У канцы кастрычніка Еўракамісія запатрабавала ад Італіі дапрацоўкі праекту бюджэту на 2019 г. У чэрвені ЕК рэкамендавала Італіі скараціць бюджэтны дэфіцыт на 0,6 % ВУП (у параўнанні з 2018 годам), тады як у праекце бюджэту Італіі, прадстаўленым на разгляд ЕК у кастрычніку, прадугледжана павелічэнне дэфіцыту на 0,8-0,9 % для пашырэння сацыяльных праграмаў. Аднак урад Італіі пакінуў без зменаў прагноз дэфіцыту бюджэту 2019 года, адкарэктаваўшы толькі некаторыя паказчыкі праекту.

Brexit

Яшчэ адной рызыкай для эканомікі ў наступным годзе Bloomberg называе Brexit – выхад Вялікай Брытаніі з Еўразвязу. У канцы лістапада кіраўнікі краінаў ЕЗ зацвердзілі пагадненне з Лонданам пра Brexit і палітычную дэкларацыю аб будучых адносінах з краінай. Для таго, каб дамова ўступіла ў сілу, гэта пагадненне павінна атрымаць згоду Еўрапарламенту і брытанскіх заканадаўцаў. Апошнія павінны разгледзець дакумент 11 снежня. Сам Brexit запланаваны на 29 сакавіка 2019 году, пасля чаго, згодна з планам, павінен наступіць пераходны перыяд, які будзе доўжыцца да канца 2020 года.

Фота: Simon Dawson / REUTERS / FORUM

Эксперты Bloomberg адзначаюць, што калі Вялікая Брытанія выйдзе з ЕЗ без якіх-кольвек дамоўленасцяў (так званы «жорсткі брэкзіт»), эканоміка Брытаніі скароціцца да 2030 года прыкладна на 7 % у параўнанні з іншымі краінамі, сябрамі ЕЗ. Пры гэтым, нават калі ўгода па Brexit, якая будзе ўключаць сябе сяброўства краіны ў мытным звязе ЕЗ, адбудзецца, то падзенне ВУП Вялікабрытаніі складзе да 2030 года каля 3 %.

Нафта

Сярод іншых рызыкаў для сусветнай эканомікі ў 2019 годзе эксперты Bloomberg называюць сітуацыю з коштамі на нафту. Важнейшым момантам тут зʼяўляюцца ўзаеміны ЗША і Ірану, а таксама крокі дзяржаваў сябраў АПЕК і іншых нафтаздабываючых краінаў па скарачэнні здабычы нафты.

Яшчэ адной рызыкай у наступным годзе зʼяўляюцца будучыя выбары ў шэрагу буйных краінаў.

Hавiны
«Ведае толькі адзін Гасподзь Бог». Калі расейскаму рублю чакаць новых амерыканскіх санкцыяў?
2018.12.05 14:37

СК, belsat.eu

Стужка навінаў