Галоўныя інтрыгі – 2020. Што сёлета будзе ў навінах?


Сусветныя палітыкі не паспелі развязаць праблемаў да новага года – і цягнуць іх за сабой. Ці стане 2020-ы часам вырашэння або паглыблення сусветных канфліктаў, Дзяніс Дзюба распытаў экспертаў у міжнародных дачыненнях з розных краінаў.

Упершыню за шэсць гадоў украінскі і расейскі прэзідэнты абмяняліся віншаваннямі. Нягледзячы на тое, што на Данбасе гінуць людзі, ідзе вайна, а разам з ёй і анексія Крыму становяцца новай «нармальнасцю».

Каментуе Пітэр Залмаеў, «Еўрапейская дэмакратычная ініцыятыва», ЗША:

«Прыгадваюцца нядаўнія словы Гэнры Кісінджэра, дзядулі real politik, які сказаў, што Захаду пара прызнаць факт расейскага Крыму. Гэта падводзіць рысу пад тэндэнцыямі, якія намаляваліся. У 2020-м Украіне будзе яшчэ цяжэй адстойваць сваю пазіцыю, свой суверэнітэт і сваю тэрытарыяльную цэласнасць».

ЗША ўжо рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў, налета ў Нямеччыне – парламенцкія. Для абедзвюх краінаў украінскія праблемы адыходзяць на другі план: Берлін ужо адмовіў Кіеву ў ваеннай дапамозе. Еўрапейскі бізнес хацеў б вярнуцца на расейскі рынак і, падаецца, мае надзейнага хаўрусніка ў асобе Эманюэля Макрона. Эксперты кажуць, што Еўразвяз саспявае да ідэі прабачыць Крым і адмяніць санкцыі ўзамен за выхад Расеі з Данбасу.

Гаворыць Віціс Юрконіс, Інстытут міжнародных дачыненняў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту:

«2020-ы будзе паказальным у плане таго, наколькі сур’ёзная еўрапейская салідарнасць і разуменне таго, што нельга казаць асобна пра рэпрэсіі Крамля, пра вайну Крамля і асобна – пра гандаль».

З аднаго боку, Еўропа ўвяла санкцыі супраць Расеі, з іншага – заахвоціла правесці газаправод па дне Балтыкі наўпрост у Нямеччыну. Завяршыць будаўніцтва замінаюць амерыканскія санкцыі, таму цяпер стомленай ад Украіны Еўропе проста хацелася б, каб там было спакойна: наперадзе яшчэ два месяцы зімы.

Каментуе Дзяніс Кольга, заснавальнік «Global Shapers Minsk Hub»:

«Пасля спынення будаўніцтва «Паўночнай плыні – 2» Еўропа будзе вельмі зацікаўленая ў тым, каб наладзіць эфектыўны і бесперабойны транзіт газу праз украінскую газатранспартную магістраль – і ў перспектыве павысіць транзіт у 2–4 разы».

Цяпер сітуацыя з будаўніцтвам «Паўночнай плыні» нагадвае брэкзіт: дакладна завершыцца, пытанне – калі. Імаверна ўжо сёлета Вялікая Брытанія выйдзе з ЕЗ і распачне доўгія перамовы аб падпісанні новых гандлёвых дамоваў з еўрапейскімі краінамі. Эксперты зняпраўджваюць чуткі, што брэкзіт – першы крок да іншых «экзітаў» і далейшага развалу супольнасці.

Гаворыць Андрэй Елісееў, даследчы цэнтр EAST, Менск:

«Мы бачым па апытаннях, што, наадварот, гэта знітавала ЕЗ у большай ступені. Не праглядаюцца нейкія іншыя краіны, дзе б вялікая доля насельніцтва планавала б выйсці з Еўразвязу».

Тэарэтычным кандыдатам на выхад з якіх-кольвек саюзаў летась стала Турцыя. Непаразуменне паміж Анкарой і іншымі краінамі NATO перайшло ў 2020-ы, але турэцкія карты ў гэтай гульні занадта моцныя: чатыры мільёны ўцекачоў з Сірыі, якія застаюцца ў Турцыі, але ў любы момант гатовыя рушыць на Захад.

Працягвае Пітэр Залмаеў:

«Уявіць сабе якую-небудзь еўрапейскую краіну, якая б змагла без унутраных палітычных узрушэнняў прыняць такую колькасць людзей, складана. Таму Эрдаган цяпер ставіць ультыматум Еўропе, што «калі вы мне не дасце рассяліць гэтых уцекачоў у тым ліку на тэрыторыі курдаў, такім чынам спрабуючы забіць двух зайцоў, я разарву гэтую дамову».

Апроч зялёнага святла для мільёнаў сірыйцаў, якія рушаць на Захад, Эрдаган намякае на тое, што можа займець ядравую зброю. Гэта б яшчэ болей ускладніла заблытаны клубок дачыненняў на Блізкім Усходзе. Эксперты не выключаюць у 2020-м нават найгоршых сцэнароў.

Марус Лаўрынавічус, старэйшы аналітык віленскага Інстытуту палітычнага

аналіз:

«Цяпер у міжнародным плане сітуацыя зусім не ўстойлівая: шмат дзе захоўваецца супрацьстаянне, прычым толькі ўзмацняеючыся. Таму я думаю, што могуць узнікнуць і іншыя канфлікты – нават вайсковыя».

Андрэй Елісееў:

«Калі Іран пойдзе на большую эскалацыю з Саудаўскай Аравіяй, калі Ізраіль памкнецца наносіць удары па, уласна, тэрыторыі Ірану, гэта можа стаць прадвесцем вялікага і доўгага канфлікту».

У 2020-м войны будуць не толькі пачынацца, але і канчацца. Напрыклад, Трамп паспрабуе расхлябаць завараную ім пазалетась кітайскую кашу. Дарадцы пераканалі прэзідэнта, відаць, калі не спыніць, то прынамсі зменшыць баявыя дзеянні ў гандлёвай вайне з Пекінам. Якая моцна б’е і па ЗША.

Пітэр Залмаеў:

«Трамп паказвае, што ён здольны прыслухацца да здаровага сэнсу. І часцяком гэткія сурʼёзныя крокі, як ягоныя дыпламатычныя і недыпламатычныя выбрыкі – напрыклад, фактычна ягоны ўльтыматум Кітаю, – сам жа Трамп адкочвае назад».

Адная з найвялікшых інтрыг года – выбары ў ЗША. Пакуль цяжка прадказаць не толькі іхны вынік, але нават тое, хто стане супернікам дзейнага прэзідэнта.

Мы развіталіся не толькі з годам, але з цэлай дэкадай. Ніякая значная рыса ў выглядзе глабальнай вайны, на шчасце для нас, іх не падводзіць. У 20-я гады XXI стагоддзя мы пераходзім незаўважна.

Андрэй Елісееў лічыць, што «глабалізм, новыя тэхналогіі, новыя выклікі – гэта сутнасць глабальных пераменаў, якія мы бачылі апошняе дзесяцігоддзе і будзем бачыць наступнае дзесяцігоддзе».

Праз пару тыдняў распачнецца Давоскі форум – адна з галоўных сусветных дыскусійных пляцовак, якая спрабуе калі не адказаць на новыя выклікі, то хаця б проста іх сфармуляваць. Заснавальнік імпрэзы, Кляўс Шваб, ужо разаслаў удзельнікам ліст, у якім гаворыць, што галоўнай тэмай сёлетняй сустрэчы стане клімат.

Дзяніс Кольга:

«Моладзеваму крылу Давосу, якое я прадстаўляю ў Беларусі, на бліжэйшыя гады вызначаныя тры тэматычныя павесткі: экалогія і змены клімату, няроўнасць ды гендарная тэматыка».

Афіцыйную беларускую дэлегацыю на форум не запрасілі, але, выглядае, што Грэта Тунбэрг мусіць там быць. Цікава, якую супольную мову яна знойдзе з тыповымі гасцьмі Давосу – беласкурымі мужчынамі з мільённым маёнткам, якія дабіраюцца да альпійскага мястэчка дакладна не цягніком.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Фота на прэв’ю: World History Archive/Forum

Cюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 03.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

 

 

Стужка навінаў