Галоўны рэдактар «СБ»: Настаўнікам карысна чытаць дзяржаўную прэсу


Нядаўна прызначаны галоўны рэдактар «СБ. Беларусь сегодня» Дзмітры Жук у эфіры праграмы «Клуб рэдактароў» на канале «Беларусь-1» заявіў, што настаўнікам карысна чытаць дзяржаўную прэсу. Гэтак ён патлумачыў абавязковую падпіску на дзяржаўную прэсу, якая існуе ў школах.

Жук адказаў на адкрыты ліст пісьменніцы Яўгеніі Пастарнак, якая раней звярнулася да новага рэдактара «СБ» з просьбай скасаваць прымусовую падпіску на сваю газету. Паводле словаў пісьменніцы, супрацоўнікаў многіх дзяржаўных установаў, настаўнікаў «пад пагрозай звальнення ці пазбаўлення прэмій» адміністрацыя прымушае выпісваць некаторыя перыядычныя выданні, «фактычна вымагаючы ў людзей грошы».

Аднак на думку Дзмітрыя Жука, нармальна, што «дзяржава прасоўвае менавіта свае выданні».

«Я не ведаю ніводнага настаўніка, звольненага за падпіску – адмову альбо не адмову. Як журналіст, чалавек і грамадзянін катэгарычна перакананы, што людзям, нанятым на працу дзяржавай, карысна чытаць дзяржаўную прэсу. Тым больш настаўнікам – тым, хто павінен чытаць шмат і рознага. Як карыстацца, кожны для сябе вырашыць», – сказаў Жук.

Экс-рэдактар «СБ»Павел Якубовіч дадаў, што таксама не ведае выпадкаў звальнення за адмову ад падпіскі, а абвінавачванні Пастарнак назваў «стандартнымі і прымітыўнымі».

Стужка навінаў