Галоўны місіянер БПЦ не пагадзіўся з віншаваннем Лукашэнкі патрыярхам


Старшыня Сінадальнага місіянерскага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Цімашэнкаў раскрытыкаваў віншаванні з боку кіраўніцтва царквы Аляксандра Лукашэнкі з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах.

«Я не згодны з віншаваннямі патрыярха і нашага мітрапаліта, накіраванымі ў адрас А.Р. Лукашэнкі. Я не ведаю матываў, паводле якіх кожны з іх дазволіў прагучаць такім словам у гэтыя дні, напоўненыя болем і хлуснёй. Магчыма, гэтыя матывы не так простыя. І ніхто з маіх знаёмых праваслаўных святароў у Беларусі не згодзен – але няхай пра гэта скажуць самі, калі палічаць патрэбным», – заявіў Сяргей Цімашэнкаў, старшыня Сінадальнага місіянерскага аддзелу ў Беларусі.

Паводле яго, цяпер праваслаўнай царкве могуць «прыб’юць ярлык абслугі дзяржпрапаганды».

10 жніўня на сайце БПЦ былі апублікаваныя віншаванні патрыярха РПЦ Кірыла і патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Паўла, накіраваныя Аляксандру Лукашэнку з нагоды ягонага абрання на прэзідэнцкую пасаду.

«Жадаю Вам моцы сілаў, бадзёрасці духу, шчодрай дапамогі Божай і благаславёных поспехаў у далейшым служэнні на высокай і адказнай пасадзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – заявіў патрыярх.

У сваю чаргу мітрапаліт Павел пажадаў Лукашэнку «добрага здароўя і ўсёмагутнай дапамогі Божай у Вашых адказных працах у славу Айчыны і на радасць набожнаму беларускаму народу».

Адзначым, што з 13 жніўня ў праваслаўных цэрквах Беларусі будуць маліцца за мір народу краіны. Імшы ў «інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны і яе народа» будуць служыць таксама і ў касцёлах.

belsat.eu

Стужка навінаў