Галоўны лекар Столінскай ЦРБ: у свеце 25 % інфікаваных – медыкі, а ў нас – 4,28 %


Галоўны лекар Столінскай ЦРБ Віктар Майсюк.
Фота: stolin-crb.by

У інтэрв’ю выданню polese.by галоўны лекар Столінскай ЦРБ агучыў афіцыйныя лічбы інфікаваных у рэгіёне.

Паводле галоўнага лекара Столінскай ЦРБ Віктара Майсюка, па стане на 7 траўня ў Столінскім раёне было 107 пацверджаных выпадкаў заражэння каронавірусам.

Лекар таксама паведаміў, што ў ЦРБ (па стане на 7 траўня) было 146 пацыентаў з пнеўманіямі. Два пацыенты падключаныя да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ).

«На жаль, двух чалавек не ўдалося выратаваць. У аднаго з іх быў пацверджаны каронавірус, у абодвух – пнеўманія і хранічныя захворванні. Ім было больш за 60 гадоў», – распавёў Віктар Майсюк, дадаўшы, што ў Столінскай ЦРБ ёсць 6 апаратаў ШВЛ і тры наркозна-дыхальныя апараты.

У размове з журналістам Віктар Майсюк звярнуў увагу на структуру інфікаваных COVID-19. Паводле лекара, у свеце 25 % інфікаваных – медпрацаўнікі.

«Сусветная статыстыка па захворванні медработнікаў наступная: 25 % ад усіх хворых – гэта лекары, медсёстры, санітаркі. На жаль, практычна ўвесь медычны персанал, які працуе ў інфекцыйных шпіталях, – кантакты першага ўзроўню», – распавёў polese.by Віктар Майсюк.

У Столінскай ЦРБ, паводле Віктара Майсюка, іншая статыстыка.

«Як і ў шматлікіх медычных установах, у Столінскай ЦРБ захворванняў лекараў, звязаных з аказаннем дапамогі хворым, – адзінкавыя выпадкі. На сёння [артыкул быў апублікаваны 8 траўня – заўв. Belsat.eu] іх чатыры [4 выпадкі ад 107 зарэгістраваных – 4,28 %]», – сказаў Віктар Майсюк.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў