Галоўны лекар пабачыў карупцыю ў тым, што медыкі заязджаюць на бясплатныя абеды ў «Макдоналдс»


У сацыяльных сетках з’явілася фота аб’явы, у якой галоўны лекар менскай гарадской станцыі хуткай медычнай дапамогі забараніў заезды сваім працаўнікам у рэстарацыі «Макдоналдс». У абʼяве пазначана, што ў выпадку ігнаравання загаду працаўнікам станцыі будуць інкрымінаваць карупцыю. Медыкі пацвердзілі «Белсату» існаванне такога загаду.

Аляксандр Жынко, галоўны лекар гарадской станцыі хуткай медычнай дапамогі падпісаў абʼяву і папярэдзіў медыкаў, што з 20 траўня заезд у «Макдоналдс» забаронены. Кіраўнік станцыі прыгразіў медыкам, што парушэнне яго загаду будзе расцэньвацца як карупцыя і выкарыстанне службовага аўтатранспарту ў асабістых мэтах.

Аляксандр Жынко.
Фота: minsk-smp.by

З 3 траўня «Макдоналдс» распачаў ініцыятыву падтрымання медыкаў. Рэстарацыі прапанавалі бясплатныя абеды для лекараў, якія маглі заехаць і ўзяць ежу. У набор для лекараў уваходзіць бургер, бульба, напой і піражок. Сотні машын у дзень прыязджалі ў рэстарацыі кампаніі, дзе медыкі маглі атрымаць бясплатныя абеды.

Hавiны
Ад каронавірусу ў Беларусі памерлі 185 чалавек
2020.05.21 13:02

У сваю чаргу працаўнікі станцыі не разумеюць захады і пагрозы ў карупцыі.

«Гэта вельмі дзіўная ініцыятыва і не зразумелая пазіцыя кіраўніцтва. Цяпер многія дапамагаюць лекарам, падтрымліваюць людзей, якія працуюць у больніцах. А чаму начальства раптам пабачыла ў гэтым карупцыю – незразумела», – распавялі «Белсату» працаўнікі станцыі.

Аляксандр Жынко, галоўны лекар менскай гарадской станцыі хуткай медычнай дапамогі адмовіўся канкрэтызаваць «Белсату», хто ініцыятары загаду і чым абумоўленае такое патрабаванне і пагроза.

– Калі ласка тэлефануйце ў прэсавую службу Мінздароўя.

– Значыць гэта ініцыятыва Мінаховы здароўя?

– Не-не-не. Усе звароты…

– Атрымліваецца гэта ваш асабісты загад у справе забароны наведвання рэстарацыяў «Макдоналдс»?

– Усе звароты накіроўвайце да прэсавага сакратара Мінаховы здароўя.

На працягу дня прэсавы сакратар Мінздароўя Юлія Барадун не адказала на зварот «Белсату» вакол гэтай забароны.

Hавiны
У Бабруйску медыкі пратэставалі супраць здымачнай групы «БТ»
2020.05.20 16:20

У кампаніі «Макдоналдс» «Белсату» распавялі, што да канца траўня яны ў абноўленым фармаце працягнуць забяспечваць абеды для брыгад хуткай дапамогі разам з сэрвісам дастаўкі «Delivio».

«З 22 траўня кампанія ў Менску працягне забяспечваць бясплатнымі абедамі лекараў станцыі хуткай дапамогі. Ежу медыкам проста на працоўныя месцы – на падстанцыі хуткай дапамогі, будзе прывозіць аператар дастаўкі »Delivio». «Макдоналдс» дзякуе сэрвісу дастаўкі за дапамогу», – распавялі «Белсату» ў кампаніі.

Акцыя «Макдоналдс» у абласных гарадах Беларусі (Віцебск, Гомель, Берасце і Магілёў) пакуль ажыццяўляецца без зменаў, а ў рэстарацыях «Макдоналдс» у Менску, у тым ліку «МакДрайв», машыны хуткай дапамогі з 22 траўня не абслугоўваюцца. Але дабрачынная акцыя працягваецца.

СК belsat.eu

Стужка навінаў