Галоўны лекар хоча трапіць у Палату прадстаўнікоў, ігнаруючы выбарцаў


Ісціна, як вядома, нараджаецца ў спрэчцы. Жаночая ініцыятыва «Пралеска» дала магчымасць кандыдатам 85-й акругі Магілёва публічна акрэсліць свае пазіцыі ды адказаць на нязручныя пытанні апанентаў за дзень да пачатку датэрміновага галасавання.

Відовішча планавалася шматабяцальнае: чатыры дэмакратычныя і два праўладныя кандыдаты ў дэпутаты папярэдне згадзіліся сысціся ў рытарычным паядынку ў актавай залі адной з мясцовых школ.

Кандыдатка ў дэпутаты Наталля Шкадун адзначыла: «Парламент не працуе. Ён з заканадаўчага органу ператварыўся ў згаджальніцкі. Над ім стаяць яшчэ структура і прэзідэнт. І ў прынцыпе, парламент ухваляе тыя акты, якія зручныя, будзем гаварыць, вышэй. То бок сам ён нічога не вырашае».

Між тым да школьнага рынгу дабраліся толькі кандыдаты ад сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», Беларускага народнага фронту, хрысціянскіх дэмакратаў і прадстаўнік беспартыйнага кандыдата. Праўладны наст «Пралеска» не прабіла. Давялося дэмакратам зноўку гаварыць міжсобку.

«На сённяшні дзень больш праблемы мясцовага характару альбо і зусім прыватныя: у жанчыны трагедыя, у кагосьці яшчэ штосьці – вось з такімі пытаннямі… На жаль, не было чутно ад залы нейкіх прапановаў у сферы заканадаўства», – заўважыў кандыдат у дэпутаты Алег Аксёнаў.

«У нас розныя праграмы. Хацелася б удакладніць, якія гэта праграмы, спытаць, паспрачацца, вядома ж. І погляды на развіццё краіны розныя, не гледзячы на тое, што ўсе мы тут – з дэмакратычнай плоскасці», – падкрэсліў кандыдат у дэпутаты Зміцер Салаўёў.

Між тым да праўладных кандыдатаў: выкладніка Беларуска-расейскага ўніверсітэту Юрыя Машына і галоўнага лекара магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксандра Старавойтава – пытанні былі не толькі ад апанентаў, але і ад выбарцаў.

«Ты да іх прыходзіш, а яны нават не праглядаюць твае здымкі, гэта яго непасрэдныя падначаленыя! У іх, маўляў, няма кампʼютараў, таму яны не могуць глядзець нашыя здымкі, дайце расшыфроўку! Гэта што за неўролаг такі? Гэта яго падначаленыя! І добра было б яму ў вочы гэта выказаць, але, на жаль, там сядзіць пустое месца! І гэты Старавойтаў для мяне – таксама пустое месца!», – адзначыў нехта з выбарцаў.

«Вось глядзіце – гэта ўсё ліставанне са Старавойтавым! Я дзеля Старавойтава сюды прыйшла!» – казала жанчына са слязамі на вачах, якая прыйшла з цэлым стосаў дакументаў.

«Ведалі, што будуць задаваць нязручныя пытанні – вось і ўсё. Папросту сорамна было глядзець у вочы людзям!» – чулася ад выбарцаў.

Пры гэтым, паводле прысутных, менавіта Аляксандр Старавойтаў трапіць у Палату прадстаўнікоў. Яшчэ далей ад выбарцаў.

ВР, «Белсат». Фота tut.by. Аляксандр Старавойтаў на фота справа.

Стужка навінаў