Галоўную рэдактарку «Хартыі'97» узнагародзілі медалём да 100-годдзя БНР


Наталля Радзіна і Аляксей Дзікавіцкі

19 лютага сябра Рады БНР Аляксей Дзікавіцкі ўзнагародзіў галоўную рэдактарку сайту «Хартыя’97» Наталлю Радзіну медалём да стагоддзя Беларускае Народнае Рэспублікі.

Цырымонія ўручэння ўзнагароды адбылася ў варшаўскім офісе «Хартыі’97».

«Для мяне гэта дзяржаўная ўзнагарода, бо Рада БНР – гэта адзіны легітымны ўрад Беларусі. Я вельмі ўзрушаная. Калі мы нешта робім для сваёй краіны, мы не робім гэта для медалёў. Мы не можам інакш. Мы робім гэта дзеля сваіх родных, дзеля сябе і ўсіх беларусаў, дзеля нашых продкаў, якія змагаліся за беларускую ідэю, беларускую дзяржаўнасць», – распавяла Belsat.eu Наталля Радзіна.

Цягам 2019 году медалём узнагародзяць 130 асобаў з Беларусі і замежжа. Першым медалём 18 лютага пасмяротна ўганаравалі Юрыя Туронка.

Hавiны
У Варшаве ўручылі першы медаль да стагоддзя БНР
2019.02.18 23:27

«Гэтая ўзнагарода ўручаецца найвыбітнейшым з найвыбітнейшых, тым, з каго беларуская ўлада часта робіць маргіналаў. Дзяржаўныя ўзнагароды нярэдка атрымліваюць людзі, якія гэтага не заслугоўваюць. Рада адзначае гэтым медалём сапраўдных патрыётаў, тых, хто любіць Беларусь», – адзначыў Аляксей Дзікавіцкі, сябра Рады БНР, намеснік дырэктара «Белсату».

Медаль да стагоддзя БНР беларускі ўрад на эміграцыі ўручае «за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 года, у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

«Наталля Радзіна – гэта, безумоўна, гонар беларускай журналістыкі. Гэты чалавек ёсць узорам гераізму і адвагі, рашучасці казаць праўду і бараніць вольнае слова, нягледзячы на пагрозы і рэпрэсіі. У асобе Наталлі Радзінай мы адзначаем увесь калектыў легендарнай «Хартыі’97». Гэта адно з галоўных беларускіх незалежніцкіх і дэмакратычных мэдыяў, пры гэтым і адно з самых першых выданняў у беларускім інтэрнэце. Журналісты «Хартыі» шмат гадоў самаахвярна змагаюцца за волю і годнасць усіх беларусаў, рызыкуючы ўласнай свабодай і нават жыццём», – прыводзіць словы старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы афіцыйны сайт Рады.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года рэдакцыя незалежнага інфармацыйнага сайту «Хартыя’97» была разгромленая, а Наталлю Радзіну збілі і больш як на месяц пасадзілі ў засценкі КДБ. З таго часу інтэрнэт-выданне працуе з Варшавы. Летась «Хартыя’97» адзначыла сваё 20-годдзе.

Раней Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказала сваю падтрымку і салідарнасць з «Хартыяй’97» у звязку з пагрозаю спынення фінансавання выдання.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў