Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» пакаралі за ўдзел у прастэстах


Ягор Марціновіч адмаўляе ўдзел у акцыі ў ноч 11 жніўня, як і тое, што ён выкрыкваў «Жыве Беларусь», «Патрабуем перамен». 28 верасня суд Завадскога раёну Менску прысудзіў журналісту Br 405 штрафу паводле арт. 23.34 КаАП – «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

Ягор Марціновіч не згодны з абвінавачаннем, якое цвердзіць пра ягоны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу з 10 на 11 жніўня. У тую ноч галоўны рэдактар выдання «Наша Ніва» знік. У Менску адбываліся масавыя пратэсты і жорсткія затрыманні пратэстоўцаў ды мінакоў. Марціновіч ехаў забіраць з працы жонку – журналістку Адар’ю Гуштын, распавядаў ён у судзе. Спецназаўцы выцягнулі яго з машыны, закінулі ў аўтазак, збілі, пратрымалі да раніцы на зямлі каля Завадскога РАУС і перавялі ў жодзінскую турму. Праваахоўнікі не паведамлялі сваякам і журналістам, дзе ён знаходзіцца.

23 верасня супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі (УУБ) МУС правялі ператрус у доме журналіста. Ягора Марціновіча забралі на допыт у Следчы Камітэт. Адтуль ён трапіў на ў ізалятар на Акрэсціна, дзе правёў тры дні. Выйшаў адтуль у статусе падазраванага паводле крымінальнай справы аб паклёпе ў дачыненні да намесніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова – за артыкул са сцверджаннем, што Барсукоў збіваў дыджэя Сакалоўскага на Акрэсціна. Ягор Марціновіч распавядаў «Белсату»:

«Абяцалі, што, калі скажу, хто даў інфармацыю пра Барсукова, адправяць дадому ў якасці сведкі. Пыталі, хто заплаціў за паклёп на Барсукова, колькі заплацілі дыджэю Сакалоўскаму за паклёп на Барсукова. Асноўнае ж было пытанне, чаму не з’язджаю з Беларусі следам за Ціханоўскаю, за мяжою ж лепей жывецца».

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў