Галоўнага доктара Магілёўшчыны звольнілі. Ці звязана гэта са скандалам у Крычаве?


Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскай вобласці Аляксандр Жылін страціў сваю пасаду на мінулым тыдні. Ён быў галоўным медыкам вобласці цягам чатырох гадоў.

Пра звальненне чыноўніка паведамілі belsat.eu у прыёмнай галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Магілёўшчыны. «Апошні працоўны дзень у яго быў 20 лістапада», – адзначылі там.

Дадзеныя Жыліна ўжо зніклі з сайту Магілёўскага аблвыканкаму. Прычыны звальнення Жыліна не паведамляюцца.

«Ён быў звольнены паводле пагаднення бакоў. Больш я вам нічога сказаць не магу», – заявілі нашаму карэспандэнту ў аддзеле кадраў.

Чыноўнік узначаліў сістэму аховы здароўя на Магілёўшчыне ў 2015 годзе. Да гэтага ён кіраваў Горацкай раённай лякарняй.

Аляксандр Жылін (справа), 2012 год. Фота: horki.info

Паводле інфармацыі блогера NEXTA, звальненне Жыліна можа быць звязанае са скандальным выпадкам у Крычаве, калі лекар раённай паліклінікі абражаў пацыентаў. Відэа блогер выклаў у сеціва 14 лістапада. Пацвярджэння ўзаемасувязі гэтых дзвюх падзеяў з іншых крыніцаў няма.

Паводле выдання «Могилев.Онлайн», месца Жыліна цяпер зойме Аляксандр Старавойтаў – дэпутат Палаты прадстаўнікоў VI склікання, які не быў пераабраны на новы тэрмін.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары