«Галоўнае – што будзе з нафтай». Ці будзе абясцэньвацца беларускі рубель услед за расейскім?


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Рэкордны з 1991 года абвал сусветных коштаў на нафту спрычыніўся да падзення курсу расейскага рубля. Ці варта чакаць таго ж і беларусам?

Эканаміст Дзмітрый Крук у каментары belsat.eu адзначыў, што ў гэтай сітуацыі «галоўнае – тое, што будзе з нафтай»: ці захаваецца зніжэнне цэнаў на нафтавым рынку. Паводле суразмоўцы, можа адбывацца як далейшае падзенне цэнаў, гэтак і пэўны адкат назад.

«Зараз, на мой погляд, нявызначанасць на нафтавым рынку надта высокая», – заявіў ён.

Hавiны
Кошт нафты абваліўся да $ 31. Такога падзення не было амаль 30 гадоў
2020.03.09 07:32

Дзмітрый Крук падкрэсліў, што калі падзенне курсу расейскага рубля да долара будзе кароткатэрміновым, то на беларускім валютным рынку гэтыя ваганні адлюструюцца ў значна меншай ступені, бо «Нацбанк спрабуе знізіць інтэнсіўнасць гэтых ваганняў».

«Але калі падзенне набудзе на працягу тыдня-двух характар устойлівай тэндэнцыі, то мы таксама гэта адчуем. Калі сёння скачок расейскага рубля пад 10 % да долара, у нас зніжэнне курсу рубля да долара таксама будзе, але ўпэўнены, што яно будзе значна меншым за тое, што мы бачым на расейскім рынку [на момант напісання артыкула долар у Беларусі падаражэў на 5,02 %. – Рэд. Belsat.eu]. Але калі тэндэнцыя захаваецца і расейскі рубель да долара будзе каштаваць больш 70 рублёў на працягу тыдня і больш, то і беларускі рубель будзе абясцэньвацца прыкладна ў такой самай прапорцыі да долара», – мяркуе эканаміст.

Hавiны
Лукашэнка: Беларусь атрымала нямала прапановаў на пастаўку нафты
2020.03.07 10:39

Разам з тым эксперт таксама адзначыў тое, што значнае прасяданне коштаў на нафту можа быць спрыяльным для Беларусі.

«Адна з асноўных праблемаў была ў тым, што ўнутраны рынак фактычна быў нерэнтабельным пры тых сусветных цэнах на нафту, якія былі, і цэнах на бензін, якія ёсць у нас сёння. Вось такое змяненне сітуацыі з высокай доляй імавернасці нават унутраны рынак зробіць рэнтабельным. І ў павышэнні цэнаў, якое практыкаваў «Белнафтахім» амаль год, такой патрэбы не будзе. І нават пры тых цэнах, якія сёння ёсць на бензін, пры зніжаных цэнах на нафту перапрацоўка і продаж нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку могуць стаць рэнтабельнымі», – дадаў Дзмітрый Крук.

Нагадаем, што кошты нафты, якія пачалі рэзка зніжацца 6 сакавіка, працягнулі сваё падзенне. На пачатку росту таргоў у панядзелак, 9 сакавіка, кошт нафты на азіяцкіх рынках абваліўся больш чым на 31 %.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў