«Галоўнае для нас – не баяцца крыжа». Сотні каталікоў прайшлі Крыжовым шляхам па Горадні


Больш за паўтары тысячы чалавек пранеслі драўляны крыж па цэнтральнай плошчы гораду. Ужо дванаццаты год запар перад велікоднымі святамі каталіцкія вернікі ў Горадні сабраліся на Савецкай плошчы, каб прайсці Крыжовы шлях – традыцыйную малітву, у часе якой разважваюцца апошнія падзеі, звязаныя са смерцю Хрыста.

Крыжовы шлях на Савецкай плошчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Сёлета падзея супала з гадавінай паўстання Гарадзенскай дыяцэзіі, якая была ўтворана 13 красавіка 1991 году.

Крыжовы шлях на Савецкай плошчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Я памятаю, што і тады, 28 гадоў таму была субота і свяціла сонца. І як штогод разам з моладдзю і вернікамі гораду, мы разважаем над мукамі Хрыста. Я жадаю, каб гэтая малітва прынесла духоўны плён, бо кожны чалавек мае свой Крыжовы шлях. І самае важнае, каб мы не баяліся крыжа, каб крыж заўсёды шанавалі і баранілі. І калі сучасны свет крычыць «Ты мне непатрэбны!», «Мы справімся самі, без Бога і яго запаведзяў!», мы становімся сёння пад крыжам, становімся з нашымі радасцямі і хваляваннямі, з нашым сёння і заўтра, каб паказаць іншым, што мы не саромеемся крыжа. Твой крыж цалую, пад крыжам стаю на калені, бо на гэтым крыжы, я Бога свайго бачу. Мы нагадваем сабе і свету, што на крыжы – Хрыстос», – зазначыў гарадзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч у часе пропаведзі.

Крыжовы шлях на Савецкай плошчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Сёлета крыж несла моладзь, за якой крочылі скаўты з запаленымі паходнямі. 14 разоў вернікі становяцца на калені са словамі: «Кланяемся Табе, Пане, бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!».

Крыжовы шлях на Савецкай плошчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Крыжовы шлях на Савецкай плошчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Крыжовы шлях у Каталіцкім касцёле – гэта малітва, якая сімвалічна ўзнаўляе дарогу Ісуса Хрыста на Галгофу, яго смерць і ўнясенне цела ў грот.

Крыжовы шлях на Савецкай плошчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Кожная стацыя [слова прыжылося з польскай мовы. – Belsat.eu] – адна з падзей, якія ўзгадваюць вернікі, каб лепш зразумець і ў нейкім сэнсе перажыць мукі, якія адчуваў Хрыстос. Сярод іх: смяротны прысуд, тры ўпадкі Хрыста, дапамога Сымона Кірэнэйца, сустрэча з Найсвяцешай Дэвай Марыяй, прыбіванне да крыжа, смерць і перанясенне цела ў грабніцу.

Крыжовы шлях на Савецкай плошчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат

Адкуль пайшла традыцыя?

Традыцыю разважаць над апошнімі момантамі жыцця Хрыста яшчэ ў глыбокім сярэднявеччы распачалі манахі-францішкане ў Ерусаліме для крыжакаў і пілігрымаў. Вяртаючыся дамоў, паломнікі імкнуліся падзяліцца ўбачаным і распавесці сваім суайчыннікам, як выглядаюць святыя месцы, дзе быў распяты Хрыстос.

Крыжовы шлях на Савецкай плошчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У сярэднявечнай Еўропе пачынаюць паўставаць маленькія каплічкі з выявамі мукаў Езуса. Таксама з таго часу бакавыя сцены каталіцкіх святынь пачынаюць упрыгожваць абразамі і разьбянымі выявамі Крыжовага шляху. У Рэчы Паспалітай традыцыя Крыжовага шляху распаўсюдзілася ў ХVІ ст. і ў сучаснай Беларусі захоўваецца па сённяшні дзень.

Крыжовы шлях на Савецкай плошчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паўліна Валіш, фота: Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў