Галава Беларускай аўтакефаліі: за беларускага прэзідэнта ніхто не моліцца


Галава Беларускай Аўтакефаліі: за прэзідэнта Беларусі ніхто не моліцца

Галава Беларускай аўтакефаліі: за беларускага прэзідэнта ніхто не моліцца. Беларусы – найбольшы народ у свеце з тых, дзе праваслаўныя пераважаюць сярод вернікаў, але не маюць сваёй Царквы. Ці можа Рэспубліка Беларусь функцыянаваць як паўнавартасная дзяржава без уласнай Царквы? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з архіепіскапам Наваградскім і Паўночна-Амерыканскім Святаславам, першым іерархам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Змест:- Апостальскія правілы кажуць пра тое, што кожны народ павінен мець свайго першаіерарха а РПЦ не выконвае гэтага.- Лёс Царквы павязаны з лёсам дзяржавы. Калі беларуская дзяржава квітнела, то квітнела і Царква.- Заваявалі нашую дзяржаву і таксама заваявалі і царкву. – Беларуская аўтакефальная царква аказалася ў выгнанні пасля Другой сусветнай вайны.- За беларускага прэзідэнта ніхто не моліцца.- Як трэба пахаваць Кастуся Каліноўскага.- Лукашэнка чатыры дні не сустракаўся з экзархам РПЦ у Беларусі мітрапалітам Паўлам, які прыбыў з фінансавым траншам з Расеі.- Беларусы – найбольшы народ у свеце з тых, дзе праваслаўныя пераважаюць сярод вернікаў, але не маюць сваёй Царквы.- Святарства ў Беларусі хоча, каб была магчымасць абіраць мітрапаліта і што на гэта адказвае Масква.- Усяленскі патрыярх даў падставы дзеля аднаўлення самастойнасці нашай царквы.- Тэорыя "Масква – Трэці Рым" гэта поўная лухта. – Падчас вайны 1812 г. абвесцілі аўтакефалію. – Кіеўская мітраполія ніколі не была часткай Маскоўскай царквы, як лічыць Масква да сёння. – Наступным пытаннем пасля польскай і ўкраінскай аўтакефаліяў павінна быць беларускае.Тэкставая версія https://naviny.belsat.eu/news/galava-belaruskaj-autakefalii-za-belaruskaga-prezidenta-nihto-ne-molitstsa/

Opublikowany przez «Прасвет» на «Белсаце». Рэальная карціна свету Środa, 9 października 2019

Беларусы – найбольшы народ у свеце з тых, дзе праваслаўныя пераважаюць сярод вернікаў, але не маюць сваёй Царквы. Ці можа Рэспубліка Беларусь функцыянаваць як паўнавартасная дзяржава без уласнай Царквы? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з архіепіскапам Наваградскім і Паўночна-Амерыканскім Святаславам, першым іерархам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Уладыка Святаслаў, ці вам вядомы ў свеце большы за беларусаў народ, у якім некалькі мільёнаў вернікаў, але які не мае сваёй незалежнай аўтакефальнай царквы?

Добры дзень усім. Хрыстос між намі. Сёння ўжо няма праваслаўнага народу, большага за беларусаў, які не мае сваёй незалежнай Царквы. Да гэтага былі ўкраінцы, яны мелі сваю Царкву, але яна не так даўно была прызнаная Сусветным патрыярхатам. На сёння засталіся толькі беларусы, а іх можна назваць народам праваслаўным гістарычна. Вернікаў ад усяго народу беларускага, мабыць, менш за палову, але ўсё роўна большасць народу прывязаная да гэтай Царквы гістарычна, напрыклад, традыцыямі, не толькі верай. Толькі беларусы засталіся такім народам, які не мае сваёй Царквы, а мае толькі прадстаўніцтва, экзархат Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі. Царква не мае ані аўтаноміі, ані аўтакефаліі.

Такая Беларуская царква ёсць толькі ў эміграцыі. У выгнанні Царква апынулася пасля Другой сусветнай вайны. Там гэтая Царква дзейнічае, але, на жаль, цесных сувязяў з Беларуссю мы не можам мець, таму што ў самой Беларусі наша Беларуская аўтакефальная царква пакуль што забароненая. Яе не рэгіструюць, хоць рэгіструюць шмат якія рэлігіі і канфесіі, пра якія беларусы могуць нават не ведаць, што гэта за рэлігіі. Некаторыя нядаўна прыйшлі, некаторыя больш даўнія. А наша Царква – гістарычная ў Беларусі, таму што мы выходзім з Кіева-літоўскай мітраполіі, якая была з часоў хросту Беларусі. Пазней гэта была мітраполія з цэнтрам у Наваградку – з 1315 года і да Берасцейскай уніі.

Hавiны
Кіраўнік БПЦ лічыць, што беларускай праваслаўнай царкве не патрэбная аўтакефалія
2019.09.30 07:23

То бок праваслаўе, хрысціянства прыйшло на Беларусь раней, чым на сучасныя расейскія землі, у Маскву. Чаму так склалася, што ў беларусаў ёсць свая дзяржава, але няма сваёй Праваслаўнай аўтакефальнай царквы?

Таму што лёс Царквы павязаны з лёсам дзяржавы. Калі беларуская дзяржава квітнела, то квітнела і Царква.

Вы лічыце беларускай дзяржавай Вялікае Княства Літоўскае?

Так, гэта Княства Літоўскае. Спачатку былі епархіі ў складзе Кіеўскай мітраполіі, пазней гэта ўжо была мітраполія ў самой Беларусі, якая пашырылася і на Украіну, і на частку цяперашняй Польшчы. Гэта сталася, таму што дзяржаўнасць наша была страчаная, заваяваная. Тое самае было і з Царквой: яна была заваяваная ў канцы 18-га стагоддзя, калі былі прыяднаныя беларускія землі. Праваслаўная царква тады існавала як уніяцкая царква, і шмат у Беларусі было праваслаўных храмаў. Былі епархіі, святары, манастыры – яны папросту былі далучаныя да Расейскай праваслаўнай царквы.

Уладыка Святаслаў, ці наогул незалежная дзяржава можа паўнавартасна функцыянаваць без незалежнай Царквы? Канечне, у Беларусі некалькі канфесій: гэта і рымскія каталікі, і ўніяты, але ўсё ж такі праваслаўных – большасць. Ці можа нармальна функцыянаваць Рэспубліка Беларусь без Аўтакефальнай царквы?

Паказвае досвед суседзяў, той жа Украіны. Яна пачала станавіцца нацыянальнай дзяржавай, калі ўжо мела сваю Царкву, і гэтая Царква разбудоўвалася, яна ўжо прызнаная. Таму калі мы хочам мець паўнавартасную дзяржаву, то, зразумела, мы павінны мець сваю Беларускую царкву. Таксама пра гэта гавораць і праваслаўныя каноны, апостальскія правілы кажуць пра тое, што кожны народ павінен мець свайго першаіерарха. Зразумела, што Царква павінна выконваць гэтыя каноны, а не змяняць іх пад сябе.

Хто іх не выконвае?

Выходзіць, што зараз Маскоўскі патрыярхат не глядзіць на гэтыя каноны. Ён глядзіць толькі на тое, што выгадна яму і што выгадна Расеі. У Расеі заўсёды Царква была часткай дзяржаўнага інстытуту, які працаваў на імперыю. Таму сама Царква стала імперскай з часоў Расейскай імперыі, і па сёння яна такой з’яўляецца. Яе задача, каб не адпусціць не дай Бог Беларусь, каб яна стала сапраўды вольнай: народ вольны, дзяржава вольная і Царква.

У Беларусі так званая Беларуская праваслаўная царква насамрэч не Беларуская праваслаўная царква.

Гэта экзархат.

Што такое Экзархат, і якія настроі там пануюць? Бо нейкі час таму з’яўлялася інфармацыя пра тое, што Беларускі экзархат, на чале якога стаіць грамадзянін Расеі, усё ж такі дамагаўся аўтаноміі ў рамках Расейскай праваслаўнай царквы. Вы сочыце за тымі настроямі, якія пануюць у Беларускім экзархаце?

Так, мы заўсёды сочым, таму што мы маем прадстаўнікоў нашых святароў і нашыя грамады, якія ёсць у Беларусі. Яны не зарэгістраваныя, але яны дзейнічаюць, праводзяць службы, трэбы. Заўсёды ў Курапатах вы бачыце нашых святароў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, якія вартуюць, чытаюць малітвы, служаць паніхіды. Зразумела, што мы пільнуем настроі Экзархату, святароў, вернікаў у Беларусі. Мы бачым, што ёсць настроі на тое, каб існавала Беларуская царква. Не проста экзархат, прадстаўніцтва маскоўскае, а каб Беларусь мела сваю Царкву, каб яна мела свае правы, каб яна магла абіраць свайго першаіерарха.

Зараз галавы Экзархату беларускія святары не выбіраюць?

Так, яго прызначаюць з Масквы і нават не пытаюцца ані ў святароў, ані ў іншых епіскапаў, не пытаюцца нават у дзяржавы. Мы ведаем, што калі апошняга мітрапаліта Паўла прызначылі, то было здзіўленне нават у прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі, што яму не паведамілі, з ім не паразмаўлялі перад гэтым, а папросту абвясцілі. Калі чарговы быў нейкі фінансавы транш з Расеі, з ім прыбыў гэты мітрапаліт. Таму Лукашэнка думаў яшчэ чатыры дні, прывітаць яго ці не. Прыйшлося, зразумела, з-за эканамічных розных пытанняў прывітаць гэтага мітрапаліта. Гэты мітрапаліт далёкі вельмі ад Беларусі, ён не ведае ані мовы, ані гісторыі. Ён мала што ведае пра яе, хоць ужо некалькі год знаходзіцца ў Беларусі. Зразумела, што святарства хоча, каб была магчымасць абіраць.

У Беларусі яшчэ са старажытных часоў у Царкве былі больш дэмакратычныя настроі, калі абіралі кандыдатаў на епіскапаў і нават на святароў. Людзі маглі абіраць, бо калісьці вельмі актыўна дзейнічалі братэрствы, якія ўплывалі на Царкву. І вернікі, і дзяржаўныя людзі маглі таксама прымаць удзел у царкоўных пытаннях. Як мы ведаем, быў сабор 1415 года ў Наваградку, дзе князь Вітаўт прымаў удзел, прымалі ўдзел усе епіскапы Княства Літоўскага, прымалі ўдзел святары, архімандрыты, ігумены манастыроў. Там быў абраны свой мітрапаліт, Рыгор Цамблак. Гэтая традыцыя заўсёды была ў Царкве, таму святары, як я ведаю, некалькі год таму на сходзе ў саборы Менскай епархіі прагаласавалі за тое, каб Царква ў Беларусі мела статус хоць аўтаноміі. Маглі бы быць больш шырокія правы, але, на жаль, Масква рэзка адмовіла ў гэтым і сказала, каб бліжэйшыя 50 гадоў наконт гэта не звярталіся.

Уладыка Святаслаў, апошняе пытанне звязанае з той вострай дыскусіяй, якая цяпер працягваецца. Гэта пытанне перапахавання правадыра антыцарскіх паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Частка беларускай інтэлігенцыі звярнулася да Літвы з просьбай даць магчымасць пахаваць Каліноўскага на тэрыторыі Беларусі. Вядома неафіцыйна, што вядуцца перамовы паміж Міністэрствамі замежных справаў Літвы і Беларусі, і гаворка можа весціся пра пахаванне на тэрыторыі каталіцкага храму ў Менску ці Каліноўскага, ці прынамсі часткі ягонага праху. Як вы, галава Беларускай аўтакефальнай царквы, ставіцеся да такой магчымасці, пахаванне на тэрыторыі рыма-каталіцкага касцёлу? Вядома, што Каліноўскі быў каталіком, але ў сённяшняй сітуацыі як вы гэта бачыце?

Я лічу, што калі будзе такое перапахаванне ў Беларусь, то яно павінна быць не ў каталіцкім храме, а ўсё ж такі ў нейкім агульнабеларускім пантэоне, дзе павінны ляжаць героі. Калі не маем такога пантэону ў Беларусі, то павінны неяк гэта запачаткаваць. Там павінен быць не толькі Каліноўскі. Магчыма, там будуць пахаваныя розныя дзеячы розных часоў. Напрыклад, прэзідэнты Беларусі, людзі вельмі вядомыя: народныя пісьменнікі і так далей. Павінны мець нейкі пантэон. Такія пантэоны маюць альбо мелі раней многія дзяржавы, дзе героі ляжаць, стагоддзямі ўшаноўваюцца.

ВІДЭА
Ці прасіў мітрапаліт Кандрусевіч прах Каліноўскага ў Літвы?
2019.09.30 09:28

Таму я б хацеў, каб усё ж такі гэта было агульнабеларускае месца, таму што Беларусь рознаканфесійная. Калі ён будзе ляжаць у храме толькі адной канфесіі, то гэта будзе несправядліва, бо гэта не папросту чалавек пахаваны, гэта сімвал Беларусі, сімвал нашай свабоды, сімвал паўстання. У гэтым паўстанні прымалі ўдзел не толькі каталікі, але і праваслаўныя, нават нейкія праваслаўныя святары. І розныя мясцовасці былі: гэта было на Віцебшчыне, Гарадзеншчыне, Берасцейшчыне. Гэтае паўстанне і на Меншчыне вельмі моцным было, і нават на Магілёўшчыне, таму гэта павінен быць агульнанацыянальны пантэон. Месца, куды б маглі прыходзіць і ўшаноўваць герояў Беларусі, бо месца паказвае, як ставіцца да гэтага сам народ, сама дзяржава. Я думаю, павінен быць дыялог людзей вядомых: і дзяржаўных, і грамадскасці пра тое, дзе менавіта Каліноўскі або яго частка павінна быць пахаваная. Гэта павінна быць вырашана сапраўды дэмакратычна, бо часам беларуская дзяржава альбо зусім не раіцца са сваім народам, або робіць гэта чыста ўмоўна. Гэтае пытанне павінна быць вынесенае на агульнанацыянальнае абмеркаванне, таму што гэта вельмі вялікая падзея для нас і для нашых нашчадкаў. Будзе важным, як і дзе ён будзе пахаваны.

Апошнім часам у Беларусі паўстае пытанне ідэнтыфікацыі беларусаў. Калі пачалася гібрыдная вайна ва Украіне. Я думаю, што яна ўжо даўно ідзе і ў Беларусі: інфармацыйная вайна Расеі супраць Беларусі. Такое пытанне з’явілася ў Беларусі: «Як ідэнтыфікаваць беларуса, чым ён адрозніваецца?» Дзяржава на сёння не мае стратэгіі і нацыянальнай палітыкі. Зразумела, што ёсць мова, культура, адукацыя, але тут не хапае яшчэ вельмі важнага рэлігійнага фактару. Менавіта Царква магла б сыграць вялікую ролю ў ідэнтыфікацыі беларусаў: яны ёсць, маюць сваю царкву. Калі едзе прэзідэнт Расеі, Украіны ці Грузіі кудысьці на Захад, то можа там прыйсці ў сваю Царкву: украінскую, расейскую і так далей. Кіраўнік Беларусі не заходзіць у Беларускую царкву ў эміграцыі.

Ён нікуды не ездзіць.

Нават ва Украіну ён ездзіць. Бывае, што ездзіць не толькі ён: ёсць паслы, дзяржаўныя дзеячы, якія наведваюць свае дыяспары, свае храмы. На жаль, Беларускую царкву не наведваюць амаль ніколі ані амбасадары, ані консулы Беларусі ў Амерыцы, Аўстраліі, Канадзе ці Англіі з той прычыны, што ў Беларусі гэтая Царква забароненая. У якую ж Царкву гэтаму чалавеку ісці, амбасадару, калі ён у сваю не можа? То бок ён можа ісці толькі ў чужую, але ж чужая Царква, зразумела, не моліцца за беларускі народ, а моліцца за свой. Ані за беларускае войска, ані за беларускую дзяржаву, ані за беларускага прэзідэнта ніхто не моліцца. А Беларуская царква, будучы ў Беларусі, павінна была б маліцца за сваю ўладу, за сваё войска, за свой народ, як мы робім у эміграцыі. Мы маем іншыя дзяржавы, дзе жывем, таму мы молімся за дзяржаву, у якой жывем, за народ і таксама за бацькаўшчыну, Беларусь, беларускі народ.

Уладыка Святаслаў, ці гэта значыць, што там, недзе наверсе, слаба гучыць голас беларусаў, і для таго, каб яго пачулі, трэба, каб была свая незалежная Царква?

Зразумела, што да Бога трэба звяртацца роднай мовай, у роднай Царкве – гэта прынята паўсюль. Так і станаўленне было Царквы з самага пачатку, калі апосталы пачалі размаўляць рознымі мовамі, пайшлі прапаведаваць розныя народы. Гэта было дадзена менавіта ад Бога, Святога Духа, таму мы павінны Святым Пісаннем, гэтымі канонамі жыць і рабіць сваю нацыянальную незалежную Царкву, як гэта прынята ў праваслаўі. Але ўсе Цэрквы, маючы незалежнасць, аб’яднаныя духоўна. Мы маем старшага Канстанцінопальскага патрыярха, усе царкоўныя справы вырашаюцца агульна на сусветных саборах. Гэта заўсёды было ў праваслаўі. Маем надзею, што Гасподзь даў нам дзяржаву і дасць магчымасць мець сваю Царкву.

Уладыка Святаслаў, я так разумею нашую пакручастую гісторыю, што з улоння той Царквы, якая была ў Вялікім Княстве Літоўскім: кіеўскай ці наваградскай, выйшлі мінімум дзве Аўтакефальныя царквы: украінская і польская. Застаецца толькі беларуская, якая ў Беларусі дзейнічае нелегальна, практычна падпольна, афіцыйна функцыянуе толькі на Захадзе, дзе жыве беларуская дыяспара. Як вярнуць гэта назад? Ці гэта магчыма ўвогуле? Як зрабіць так, каб выйсці з гэтага стану, дзе засталося літаральна некалькі парафіяў у свеце, і Аўтакефальная царква стаіць літаральна на мяжы свайго існавання? Як зрабіць так, каб беларусы сабе такое месца заслужылі, выбілі ў свеце, якое маюць польскія і ўкраінскія праваслаўныя? Каб усе тры народы, якія паходзяць з той царквы, з той Літоўскай мітраполіі, мелі сваю Аўтакефальную царкву?

Для гэтага па царкоўнай практыцы павінна прыкласці высілак і дзяржава. Яна павінна прызнаць Царкву, зарэгістраваць яе. Па законах, па Канстытуцыі мы маем права на гэтую рэгістрацыю, але з-за таго, што дзейнічае імперская Расея, цісне на беларускую ўладу, нас, на жаль, не рэгіструюць. І як толькі адбудзецца змена ва ўладзе або гэтая ж улада, што ёсць, зменіць свае разуменні дзяржаўныя, то тады мы будзем зарэгістраваныя, і тады мы будзем прызнаныя Сусветным патрыярхатам. Для гэтага зараз ёсць кананічныя асновы, ёсць рашэнне Канстанцінопалю, што Кіеўская мітраполія ніколі не была часткай Маскоўскай царквы, як лічыць Масква да сёння. Тэрыторыі Кіеўскай мітраполіі заўсёды падпарадкоўваліся Канстанцінопалю. Канстанцінопаль на аснове гэтага кананічнага выдаў аўтакефалію ў 1924 годзе Польскай царкве, таму што была польская дзяржава, цяпер ён даў украінскай. Наступнай, зразумела, што павінна быць пытанне Беларускай царквы.

Я паспрабую апісаць гіпатэтычны сцэнар. Пагадзіцеся вы са мной ці не? У Расеі змяняецца ўлада, напрыклад, дэмакратызуецца, перамагае фракцыя не каршакоў, ваяроў, якія хочуць узмацняць, адбудоўваць імперыю, а больш ліберальная, якая хоча дамовіцца з Захадам, скасаваць санкцыі. Ці ў такіх умовах можа змяніцца расейская дзяржаўная ідэалогія, якая б дазволіла ўсё ж такі Менску не аглядацца на Маскву, дамагчыся спачатку аўтаноміі, а ў будучыні мабыць і аўтакефаліі? Я так разумею, што калі будзе аўтаномія і жаданне дзяржавы, то Канстанцінопаль, сусветны патрыярхат, можа прызнаць, але для гэтага нам патрэбныя перамены ў Расеі. Ці я правільна гэта разумею?

Правільна, але ўсё ж такі для нас галоўнае, каб былі змены ў Беларусі. Можна мець больш дэмакратычную Расею, але калі ўлады беларускія будуць ізноў глядзець на Маскву, то яны не будуць рэгістраваць нашую Царкву і не захочуць легалізаваць нас. Таму тут усё ж такі трэба спадзявацца больш на змены ў Беларусі. Калі ў Расеі нешта зменіцца, то ўсё роўна мы бачым з гісторыі, што ва ўсе стагоддзі Расейская царква падтрымлівала калі не імперыялізм, то «расейскі свет». І тэорыя была такая хлуслівая Трэцяга Рыму ад Івана Жахлівага пачатку 16-га стагоддзя, калі Расея хацела падпарадкаваць сабе і Канстанцінопаль.

Мне падаецца, што гэта поўная лухта, таму што калі не існуе візантыйскай дзяржавы, то Канстанцінопальскі патрыярхат функцыянуе. То бок у сэнсе праваслаўным не можа быць Трэцяга Рыму, бо ёсць яшчэ другі.

Таму гэтая тэорыя правалілася, яе ніхто не падтрымліваў з іншых праваслаўных Цэркваў, толькі сама Маскоўская царква пра яе казала. Яе не разумелі ані грэкі, ані румыны, ані балгары, таму што яны маюць больш старэйшыя Цэрквы, чым у Расеі. Як і беларуская, украінская Цэрквы больш старэйшыя. Калі ў Полацку, Тураве стаялі храмы, то ў Маскве іх яшчэ не існавала, як мы ведаем. На стагоддзе пазней туды пачало прыходзіць хрысціянства з цяперашняй Беларусі і Украіны. Таму зразумела, што гэтыя тэорыі, якія былі ў Расейскай царкве, заўсёды былі нейкія хлуслівыя, ніколі не ўпісваліся ў сусветнае праваслаўе. У Беларусі заўсёды паважалася сусветнае хрысціянства, сусветнае праваслаўе. Ніколі не было такіх думак, каб разарваць з Канстанцінопалем. Канечне, былі думкі, каб была свая аўтакефалія, свой патрыярхат – такія былі настроі ў 16-м стагоддзі, але, на жаль, гісторыя такая была ў Беларусі, што вечныя войны. Не змаглі гэта ажыццявіць, каб мелі сваю незалежную Царкву. Нават калі Расея ўжо знішчыла паступова Княства Літоўскае, то мы ведаем пра Пінскую кангрэгацыю 1791 года, калі ў Пінску сабраліся саборы Беларускай праваслаўнай царквы. Было пастаўленае пытанне здабыцця аўтакефаліі Праваслаўнай царквой Рэчы Паспалітай. Тады яе ўжо не было ў Рэчы Паспалітай, хоць і ва Украіне яна была. Гэта Пінскі сабор вырашаў. То бок падавалася, што і Царква вельмі невялікая праваслаўная, і большая частка тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага была пад Масквой, але ўсё ж такі гэтая канцэпцыя жыла.

Такія традыцыі, такія думкі і сёння жывуць нават у святароў Беларускага экзархату, пра што можа сведчыць гэтае жаданне аўтаноміі.

Таксама яшчэ быў перыяд такі кароценькі ў 1812 годзе, калі прыйшоў Напалеон. У Магілёве архіепіскап Варлаам Шышацкі абвясціў пра аўтакефалію Праваслаўнай царквы Княства Літоўскага. Тады хацелі адрадзіць Княства Літоўскае, і тады была абвешчаная Праваслаўная аўтакефалія. Яна праіснавала менш за год. Калі расейскія войскі прыйшлі, то епіскапа знялі і выслалі ў Расею. Але была такая ідэя ўвесь час у святарстве.

Гэтая гісторыя пра спробу аднаўлення аўтакефаліі падчас расейска-французкай вайны сведчыць пра тое, што калі ў Беларусі не будзе расейскага войска, то гэта дасць перадумовы для стварэння незалежнай Царквы. У Беларусі расейскія вайскоўцы ўсё ж такі ёсць на сённяшні момант. З гэтага і трэба пачаць. Дзякуй вам за інтэрв’ю, уладыка Святаслаў.

Дзякуй вам. Няхай Бог ахоўвае вас, вашую праграму і ўсіх вашых супрацоўнікаў. Дзякуй, што вы ёсць, бо для Беларусі гэта вялікая справа, калі мы можам пабачыць вольнае беларускае тэлебачанне. Гэта на сёння цуд. Таксама мы глядзім і ў Паўночнай Амерыцы ў асноўным запісы праграм, але вельмі прыемна пачуць беларускую мову. Раней было радыё «Свабода», якое транслявалася, можна было паслухаць, а зараз – толькі чытаць. Тут мы можам жывую мову пачуць, пабачыць цікавых людзей і паўдзельнічаць самі. Дзякуй вам.

Дзякуй за добрыя словы.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 27.09.2019

Стужка навінаў