Галантарэйнік і кардынал: два выказванні Лукашэнкі з нагоды ракетнай базы

Яшчэ ўчора Аляксандр Лукашэнка пераконваў польскага міністра замежных справаў Яцэка Чапутовіча: маўляў, не патрэбная вам ніякая ракетная база, а то мы з Расеяй будзем вымушаныя адказваць. А сёння, вось як павярнулася: кажа ўжо зусім іншае. «Надуманая праблема. Мы ў вайскова-палітычным саюзе з Расеяй. Будзе вайсковая база, не будзе – розніцы абсалютна ніякай няма. І мы гэтай базы не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем, бо яна тут не патрэбная. Мы самі, паводле нашай задумы, ваеннаабарончага плану з Расейскай Федэрацыяй, забяспечваем тыя функцыі, якія на нас ускладзеныя», – цытуе кіраўніка дзяржавы дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва.

Не, фармальна тут няма нават лагічнай супярэчнасці. Сёння патрэбы няма, а вось зʼявіцца база на тэрыторыі Польшчы – і патрэба паўстане, як наступства гэтага не зусім сяброўскага (у дачыненні найбліжэйшага саюзніка Беларусі) кроку. «Будзем вымушаныя адказваць» – «мы з Расеяй»! Гэта, вядома, нагадвае саюз галантарэйніка і кардынала з памятнай экранізацыі раману Аляксандра Дзюма, але тут галоўнае, каб галантарэйнік у саюзе не расчараваўся. Для ўсіх галоўнае.

Расейскія войскі ў Беларусі. Пасля вучэнняў «Захад-2017»

Менавіта таму Крэмль дагэтуль ніяк не рэагуе на нейкія публічныя выказванні дарагога саюзніка з нагоды ракетнай базы. У нас жа быў прэцэдэнт, праўда, не ў вайскова-палітычнай сферы, а ў эканамічнай. Доўга, нудна, з крыкамі ды папрокамі беларускі бок адмаўляўся прадаваць «Газпрому» «Белтрансгаз». А потым неяк няўзнак прадалі. І ўсе крыкі адразу сціхлі, папрокі спыніліся. Падобна на тое, галантарэйнік зразумеў, хто з дваіх напраўду кардынал.

Дарадцы Аляксандра Рыгоравіча чамусьці не патлумачылі яму, што ягоныя выказванні наконт абароннага саюзу з Расеяй і базаў не толькі нікога з яго слухачоў не супакойваюць, але наадварот – насцярожваюць. Чым больш кажа на гэтую тэму прэзідэнт Беларусі, тым больш іранічна гучыць маўчанне Расеі (так, маўчанне часам бывае вельмі гучнае).

Чым даўжэй маўчыць Расея, тым больш насцярожваюцца нашыя заходнія суседзі: яны ж дакладна ведаюць пра паўнамоцтвы галантарэйніка Банасье. Ведаюць, ад каго на самой справе залежыць размяшчэнне ракетнай базы на тэрыторыі Беларусі: крэдыторам, як вядома, цяжка адмовіць, калі яны маюць дастаткова вэксаляў, якія можна ў любы момант прад’явіць.

Расейскія жаўнеры. Фота https://ria.ru/

А нашая краіна – дзякуй ураду і прэзідэнту – перад Расеяй па горла ў пазыках. Прычым пазыкі растуць з такой катастрафічнай хуткасцю, што ніякія крэдыты найлепшага сябра Ільхама Аліева ўжо не дапамогуць абараніць беларускага суверэнітэту, калі Расея сапраўды вырашыць усталяваць гэтую клятую базу ў нас дзе-небудзь на Гомельшчыне. Ёй, у прынцыпе, абыякава, але калі раптам захочацца тузануць беларускага тыгра за вусы – чаму б і не? А раптам ён зноў акажацца падатлівы і ласкавы, як коцік?

І, падобна, так і будзе. І гэта самае сумнае ва ўсёй сітуацыі. І мы будзем горача тлумачыць усім, што справа ў той самай базе, якую на сваёй тэрыторыі размясціла Польшча! І з гэтым нічога не зробіш: у Банасье на ўсё гатовы адказ. А кардынал зноў іранічна прамаўчыць.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў