Гайдукевіч і Давыдзька на расейскім ТБ: Беларусь вам не васал


На расейскім тэлебачанні вырашылі абмеркаваць пасланне Лукашэнкі да народу. Беларускі бок рэпрэзентоўвалі старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька і старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.

Гэтым разам размова атрымалася без мацюкоў. Вядоўца звярнуў увагу на крытыку Лукашэнкі ў бок Расеі і папрасіў Давыдзьку патлумачыць словы кіраўніка Беларусі.

«Прэтэнзіі Лукашэнкі, датычныя партнёрскіх адносінаў, амаль што немагчымыя. Чаму? Бо Расея – буйная капіталістычная дзяржава, а Беларусь – невялікая краіна з кіраванай дзяржавай эканомікай».

І прывёў прыклад, як ад беларускага чыноўніка, які адказваў за пастаўку мяса ў Расею, вымагалі хабар, бо «ў Расеі так прынята».

У дыскусію ўключыўся Гайдукевіч, адцягнуўшы ўвагу на эканамічныя аспекты супрацы.

«Трэба ўсіх у вектар ЕАЭС зацягваць, у тым ліку Еўропу. І тады мы пераможам у халоднай вайне, калі будзем эканамічна іх [не сказаў каго – заўв. belsat.eu] перамагаць. Беларусь не сядзела на двух крэслах і не будзе. Беларусь – суверэнная дзяржава, не васал Расеі. Але надзейны саюзнік, які ніколі не здраджваў. Бамбаванне Сірыі! Якая еўрапейская краіна падтрымала Расею? Толькі Беларусь», – сказаў Гайдукевіч.

Гучалі думкі і пра тое, што Беларусь без Расеі «не пратрымаецца» і павінна выбраць, з кім быць – з Расеяй ці Захадам. Падымалася і пытанне мовы.

«Для Беларусі пытанне мовы – гэта пытанне пра адносіны з нацыяналістамі іншых дзяржаваў. І сваймі. Але свае маленькія, а там паўсюль ва ўладзе», – сказаў расейскі апанент.

Давыдзька звярнуў увагу на тое, што калі Лукашэнку называлі ў Еўропе дыктатарам, Пуцін яму не дапамог.

«Калі з Лукашэнкі ў Еўропе рабілі бабая, які ў каморы можа парваць дзіцё, Пуціна паважалі, а мы былі адзін на адзін. Расея падтрымлівала нас? Хіба што фільмам «Бацька-2»?!», – закрычаў ён.

Пасля слоўнай перапалкі, расейскія апаненты вырашылі закрануць пытанне Украіны і Данбасу. Спачатку адзін з гасцей распавёў, за што Расея крыўдуе на Беларусь.

«У Расеі крыўдуюць на Лукашэнку за шчыльныя адносіны з Парашэнкам. За людзей, якія ваявалі на Данбасе на баку ДНР/ЛНР і якіх па вяртанні садзяць у турму. Два суразмоўцы ў Маскве сказалі мне, што Лукашэнка перадаваў у Кіеў інфармацыю пра перамяшчэнне расейскіх войск уздоўж мяжы. Але мы не маем права сварыцца яшчэ і з Беларуссю», – адзначыў Максім Юсін, міжнародны аглядальнік ВД «Коммерсантъ».

Пасля беларускіх гасцей запыталі, чый Крым. Аднак Давыдзька і Гайдукевіч не захацелі адказваць наўпрост.

«Да таго часу, пакуль у Беларусі размяшчаецца пляцоўка «Менск-2» – і гэтую перадачу будуць глядзець усе ўкраінцы, якія чакаюць нагоды сарваць перамовы ў Менску; і ён [Давыдзька] сенатар, а я рэпрэзентоўваю парламенцкую партыю, якая ўваходзіць у міжнародную камісію, што арганізавала перамовы – я не адказваю на гэтае пытанне. Не павінная ліцца кроў ва Украіне!», – заявіў Гайдукевіч.

Адзін з апанентаў адзначыў, што ў Расеі няма сапраўдных саюзнікаў, і Беларусь таксама нельга так называць.

«Калі цяпер нельга выбудаваць саюзных стасункаў, то паўстае пытанне: навошта нам субсідаваць гэтыя дзяржавы? Пастаўляць нафту без мыта і газ па нізкіх коштах… Калі няма рэальнага эканамічнага або вайскова-палітычнага саюзу… Чаму? Бо няма вайсковай базы ў Бабруйску, няма адзінай валюты, адзінага парламенту. Калі вы не можаце дапусціць расейскія базы, чаму вы патрабуеце бязмытных паставак нафты?»

Перадача скончылася словамі вядоўцы пра тое, што «Беларусь заўсёды можа разлічваць на Расею».

Стужка навінаў