Гаджэты, бізун і «па 500» для хакеістаў. Топ-5 заяваў Лукашэнкі ў Вайсковай акадэміі


Лукашэнка падчас выступу ў Вайсковай акадэміі. Фота - president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 22 лютага сустрэўся з курсантамі і выкладчыкамі Вайсковай акадэміі, дзе выказаўся наконт замежнай палітыкі Беларусі ды вайсковых пытанняў. Belsat.eu выбраў галоўныя заявы Лукашэнкі.

Пра стабільнасць і бізун

«Трэба займацца эканомікай – гэта аснова стабільнасці. Таму галоўнае – не страціць стабільнасць. Як бы ні было складана, як бы ні было цяжка. Калі толькі мы дэстабілізуем нашу краіну – яна камусьці дастанецца, мы зноў пойдзем пад бізун, як у народзе кажуць, нас будуць цягаць бізуном. Добра, нас: мы гэта заслужылі, калі мы да гэтага давялі. А дзеці за што будуць пакутаваць?» – задаў рытарычнае пытанне Лукашэнка.

Пра заробкі хакеістаў

Лукашэнка прыгразіў беларускім хакеістам заробкам $ 500 у выпадку правальных гульняў.

«Мы мільёны долараў растрацілі, і дзе яны зараз? «Беларуськалій» спыніў іх фінансаваць і правільна зрабіў – будуць банкрутамі. За што плаціць? Выйгралі – усё разлічваем, аддаём. Прайгралі – пяцьсот долараў», – сказаў ён.

Лукашэнка падчас выступу ў Вайсковай акадэміі. Фота – president.gov.by

Пра IT-рота і экспарт

У 2018 годзе ў беларускім войску была створаная спецыяльная IT-рота. На думку Лукашэнкі, падраздзяленне мусіць актыўна супрацоўнічаць з Паркам высокіх тэхналогіяў і займацца экспартам.

«Нам патрэбны вынік. Гэта можа або загінуць за непатрэбнасцю і адсутнасцю выніку ці ж ператварыцца ў вельмі добрае зерне, якое прарасце і дасць добры вынік. Таму нельга загубіць тое, што тут задумана. Вядома, гэта перш за ўсё для арміі. Але трэба ствараць такі прадукт, які можна будзе і прадаць. Вы павінны прадаваць не толькі на ўнутраным рынку, але і на вонкавым – экспартам займацца», – падкрэсліў ён.

Пра гаджэты для курсантаў Вайсковай акадэміі

Паводле Лукашэнкі, трэба разгледзець магчымасць больш шырокага доступу курсантаў у вайсковых ВНУ да асабістых камп’ютараў і інтэрнэту.

«Шчыра скажу, трэба над гэтым сурʼёзна падумаць і выслухаць аргументы і на вашу карысць, і супраць, – адзначыў ён, адказваючы на адпаведнае пытанне курсантаў. – Празмернасцяў быць не павінна, але мы над гэтым падумаем у бліжэйшы час. Трэба знайсці тую форму, якая задаволіць вас, і тую мяжу, за якую мы перайсці не можам».

Лукашэнка падчас выступу ў Вайсковай акадэміі. Фота – president.gov.by

Пра амерыканскія ракеты ў Еўропе і пагрозу вайны

На думку Лукашэнкі, само па сябе скасаванне дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці для Беларусі не страшна. Але, калі ЗША скарыстаюцца момантам і размесцяць свае ракеты ва Ўсходняй Еўропе, то гэта можна прывесці да трагічных наступстваў. Заявы NATO, што яны гэтага не плануюць рабіць, Лукашэнка лічыць блефам.

«Я баюся таго, што амерыканцы скарыстаюцца момантам – сарвалі гэтую дамову, і размесцяць ракеты ў Еўропе. Вось тут ужо мала не падасца і нам. Таму нам трэба будзе разам з Расеяй думаць пра меры ў адказ. Ад гэтага нікуды не дзенешся, калі гэта адбудзецца. А горш будзе, калі гэтыя ракеты будуць размешчаны (не дай бог, гіпатэтычна) на тэрыторыі Украіны. Таму мой адказ адназначны: я катэгарычна супраць (разрыву ДРСМД). Мы прыхільнікі міралюбнай палітыкі. Нам не патрэбныя гэтыя разборкі буйных дзяржаваў, ад якіх, зыходзячы з гісторыі, мы заўсёды пакутавалі. Таму нам не патрэбна гэтая бойня, бойка, асабліва цяпер вакол дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці», – заявіў ён.

Лукашэнка заявіў пра гатовасць да дыялогу з NATO

ІІ, belsat.eu, цытаты паводле president.gov.by і БелТА

Глядзі таксама
Каментары