Роўна 20 гадоў таму ў Беларусі адбыўся рэферэндум, пасля якога Аляксандр Лукашэнка цалкам пераняў уладу ў краіне.
«Таго, чаго хацеў Аляксандр Рыгоравіч, ён дабіўся. Тое, што мы называем рэферэндумам, насамрэч ёсць захопам улады прэзідэнтам неканстытуцыйным метадам», – упэўнены Сямён Шарэцкі, старшыня вярхоўнага савету (1996).
Каб дасягнуць мэты, Лукашэнка распусціў легітымны Вярхоўны Савет 13-га склікання. А абуранага хадою рэферэндуму 1996-га года кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара папросту вызваліў ад пасады. Ягонае месца заняла (і займае дагэтуль) Лідзія Ярмошына.
«Прававая вакханалія, якая адбывалася вакол рэферэндуму ў апошнія 10 дзён, ужо не ўкладаецца не толькі ў межы дзейнага заканадаўства, але і межы здаровага сэнсу», – казаў тады Віктар Ганчар.
Праз тры гады пасля гэтай прамовы малады і перспектыўны палітык, апанент Лукашэнкі, знік пры нявысветленых дагэтуль акалічнасцях. Беларусь жа праз тры дні адзначыць 20-годдзе рэферэндуму, які развярнуў маладую дзяржаву са шляху да дэмакратыі ў імітацыю сканалага Савецкага Саюзу.
«Тое, што адбылося, я ўспрымаю як стыхію, як форс-мажор. Гэта павінна было адбыцца. Таму што ідэя прыходу папуліста, які імкнецца да аўтарытарызму, да ўсталявання аўтакратыі, яна проста вітала ў паветры. Гэта – эманацыя масавай свядомасці. Людзі тады стаміліся ад хаосу і разрухі. Яны хацелі цвёрдай улады», – патлумачыла Вольга Абрамава, дэпутатка Вярхоўнага Савету 13-га склікання.
Як адбывалася антыканстытуцыйная акцыя 96-га, сёння згадвалі на паседжанні экспертнага клубу «Прафесійна аб актуальным» у офісе Абʼяднанай грамадзянскай партыі. У тым ліку беспасярэднія сведкі тых падзеяў, дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га склікання.
«Чатыры дні датэрміновага галасавання ўжо прайшлі, а на выбарчыя ўчасткі яшчэ не паступіў тэкст Канстытуцыі, за якую людзі галасавалі. І ён не быў апублікаваны. Людзі галасавалі за ката ў меху. Не кажучы ўжо пра тое, што альтэрнатыўны праект Канстытуцыі – ён увогуле не зʼявіўся ў друку да самага канца галасавання», – распавёў Сяргей Калякін.
У выніку рэферэндуму 96-га года была змененая Канстытуцыя, а ўлада ў краіне цалкам сканцэнтравалася ў руках Лукашэнкі. У абыход рашэння Канстытуцыйнага суда і Вярхоўнага Савету. Ды без аглядкі на абвінавачанні ў фальсіфікацыі вынікаў.
Таксама ў выніку плебісцыту, сярод іншага, захавалі смяротнае пакаранне і адмовіліся ад прыватнай уласнасці на зямлю.
«Гэтыя праблемы, сацыяльнага, эканамічнага характару, праблемы правоў чалавека, яны накопліваюцца, іх становіцца ўсё больш. Вырашыць іх, як мне здаецца, сённяшняя ўлада не ў сіле», – мяркуе Мечыслаў Грыб, старшыня Вярхоўнага Савету (1994–1996).
Захаваць краіну для сябе і будучых пакаленняў, а значыць – супрацьстаяць дыктатуры. Былы кандыдат на прэзідэнцтва ды палітвязень Мікола Статкевіч заклікае беларусаў у гадавіну рэферэндуму 96-га года, 24-га лістапада, выйсці на мітынг. Пачатак акцыі запланаваны на 18-ю гадзіну на плошчы Свабоды ў сталіцы.
Лола Бурыева, belsat.eu