Габрэйскае надмагілле як элемент альпійскай горкі? Нечаканая знаходка ў Горадні


Паміж 14-м і 16-м будынкамі на вуліцы Дарвіна ў Горадні мясцовыя жыхары зрабілі кветнік. Несамавітым чынам сярод дэкаратыўных раслінаў, імхоў і каменьчыкаў апынуўся кавалак мацэвы – старадаўняга габрэйскага надмагілля.

Камень з «незразумелымі літарамі» сярод кветак.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Людміла Андрэеўна, мясцовая жыхарка, распавяла Belsat.eu, што прыкладна год таму дзіўны камень разам з іншымі прынеслі суседзі-мужчыны, каб упрыгожыць кветнік. Побач пракладалі камунікацыі – так камяні і выкінулі на гару. А калі дождж вымыў пясок, з’явіліся і літары на «незразумелай» мове.

Людміла Андрэеўна паказвае, адкуль ёй прынеслі камень год таму.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu
На кветніку мноства камянёў, але з надпісамі быў толькі адзін.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

«Бацюшка, гляньце!»

«Хлопцы мясцовыя, яны троху любяць выпіць, то камяні нам і цягаюць, – распавядае Людміла Андрэеўна. – Пасля я гляджу: А што ж гэта? Спытала ў а. Васіля Татарчука з Уладзімірскай царквы, мы з ім сябруем, маўляў, бацюшка, гляньце! А ён і кажа, што, магчыма, гэты камень – надмагілле са старых габрэйскіх могілак».

Людміла Андрэеўна перадае камень актывістам, каб тыя перавезлі яго да сінагогі.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Што далей рабіць з каменем, жыхары не ведалі. Так бы ён і ляжаў надалей у кветніку, калі б не мясцовы блогер Руслан Кулевіч, які заўважыў мацэву і напісаў пра гэта ў сацыяльных сетках. Гісторык Мечыслаў Супрон адзначыў, што фрагмент надмагілля, найхутчэй, паходзіць з самых старых у Горадні габрэйскіх могілак на вуліцы Вялікая Траецкая, якія існавалі яшчэ ў часы ВКЛ. Паводле архаічнага шрыфту на каменю гэта можа быць і XVIII ст.

Фрагмент «мацэвы» перад загрузкай у багажнік аўто.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

«Калі вернеце, то дзякаваць Богу!»

Да справы далучыліся актывісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якія вырашылі перавезці камень да харальнай сінагогі. Каля гэтай сінагогі акурат і знаходзіліся тыя найстарэйшыя габрэйскія могілкі. Людміла Андрэеўна падтрымала ідэю валанцёраў: «Канешне бярыце, калі вернеце, то дзякаваць Богу!»

Мацэва на сваім законным месцы.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Намеснік старшыні Таварыства Юрась Меляшкевіч патлумачыў, што арганізацыя не першы год працуе з тэмай некрапалістыкі (то бок, са старажытнымі могілкамі) па ўсёй Беларусі. У тым ліку гэта тычацца і габрэйскай спадчыны: толькі ў 2019 годзе актывісты арганізацыі прыбіралі закінутыя могілкі ў Ізабеліне і Леніне. Калі атрымаецца, то надпіс на каменю бліжэйшым часам расшыфруюць адмыслоўцы.

Дзеючая харальная сінагога ў Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

У сінагозе, на жаль, на месцы не апынулася ані рабіна, ані старшыні габрэйскай грамады. Затое супрацоўніца Музею гісторыі рэлігіі, які ў сінагозе мае свой філіял, падзякавала актывістам і журналістам. Камень знайшоў сваё месца на адмысловай пляцоўцы ля ўваходу ў сінагогу, куды людзі прывозяць выпадкова знойдзеныя надмагіллі з двух найбольшых габрэйскіх некропаляў, якія былі знішчаныя ў XX ст.: нацыстамі ў 1940-ыя ды савецкай уладай у 1960-ыя гады.

Каля сінагогі ёсць адмысловая пляцоўка з камянямі са знішчаных могілак.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў