Жаўнер бачыць вышэйшую справядлівасць у магчымасці самому прымяніць гвалт

Майстар адчувае, які тэкст піша эпоха, якая дала яму час і месца для творчасці. Мікалай Пінігін паставіў «Рэвізора» – значыць, адчуў яго своечасовасць.

Гогалеўскі тэкст ён скараціў, не прадставіўшы магчымасць выдатным акторкам перацягнуць коўдру на сябе: няхай, маўляў, дэманструюць хараство стройных ножак, а не языкі чэшуць! А адну ролю ўвогуле выкінуў, пакінуўшы пра яе згадку ў рэпліцы Гараднічага:

– Божа, за гэтыя два тыдні была высечана ўнтэр-афіцэрская ўдава!

Праблема Гараднічага ў тым, што фізічна караць унтэр-афіцэрскіх удоваў было забаронена законам. Зрэшты, у Гогаля Антон Антонавіч Сквознік-Дмуханаўкі знаходзіць простую адмоўку:

– Яна сама сябе высекла!

Пінігін, верагодна, падумаў, што гэтая рэпліка будзе залішняй на пачатку XXI стагоддзя. А вунь яно як атрымалася! Не залішняя!

Пацярпелы жаўнер даказвае на судзе, што сам папрасіў прапаршчыка ўжыць да яго электрашокер. Захацелася яму выпрабаваць, што такое электрычны шок. Што ты з ім зробіш, з мазахістам нашым…

Усё зразумела. Нават калі прапаршчыка, пра якога ідзе гаворка, пасадзяць на некаторы час, жаўнеру вяртацца ў казармы. Да новага прапаршчыка, які будзе памятаць лёс папярэдніка, а таму здзекавацца над падначаленымі будзе ўжо ў поўнай адпаведнасці са Статутам. Хочаце статутных адносінаў замест нестатутных? Тры нарады па-за чаргой! Зубной шчоткай чысціць дзірку ў падлозе казарменнага туалета ад уласнага і чужога дзярма! Содні чысціць – пакуль бліскацець не будзе дзірка як яйкі ката!

Жаўнер, які апынуўся ў ролі гогалеўскай унтэр-афіцэрскай удавы, гатовы сам сябе адлупцаваць – ну, не адлупцаваць – папрасіць таварыша прапаршчыка – зусім па-таварыску! – пакараць яго электрашокерам – зусім не праз мазахісцкія памкненні. Ён проста не верыць у тое, што справа Коржыча што-небудзь зменіць у сістэме ўзаемаадносінаў паміж камандзірамі і прапаршчыкамі, паміж прапаршчыкамі і радавымі, паміж стараслужачымі і «салагамі». Не верыць – і ўсё тут. Ён бачыць бескантрольнасць усёй сістэмы ўлады.

Так, сёння журналістам дазволілі пісаць пра нестатутныя зносіны. А заўтра? Сёння судзяць прапаршчыка за электрашокер. А заўтра? Тым больш што гэтая ўлада з яе нестатутнымі зносінамі ў зносінах (прабачце знарок таўталогію) да беларускага грамадства існуе даўжэй, чым салдацік у прынцыпе жыве на свеце.

Ён нарадзіўся пры гэтай уладзе, вырас пры ёй, дакладна ведае, як начальства трахае ягоных бацькоў, і не пярэчыць – раз ужо выхаду з сітуацыі не прадбачыцца – каб трахаў і яго. У фігуральным сэнсе, вядома. Электрашокерам.

Ад гэтага яго мужчынская годнасць пакутуе менш, чым ад содняў чысткі прыбіральні зубной шчоткай. Да таго ж заўтра – за месяц да дэмбеля – прыйдзе і яго час выкарыстоўваць электрашокер.

У гэтым бачыць жаўнер вышэйшую справядлівасць. У магчымасці самому ўжыць гвалт – калі прыйдзе яго час.

І справядлівасць суда ў гэтую сістэму маральных каардынатаў ніяк не ўпісваецца. Бо Коржыча ўсё адно не вярнуць, праўда? Тады якога чорта парыцца, чырванець, казаць пра нейкія пакуты? Ты мужык?! Пакутуй! Заўтра будуць пакутаваць ад цябе!

А што тут такога? Уся краіна пакутуе! Уся краіна – тая самая ўнтэр-афіцэрская ўдава, якую высеклі насуперак закону. І ніякага рэвізора на гарызонце…

Аляксандр Фядута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў