Футбольны клуб «Маладзечна» можна знікнуць


Улады Маладзечна спачатку паабяцалі падтрымаць футбольны клуб фінансава, а потым перадумалі. Заўзятары робяць усё магчымае, каб захаваць каманду.

У мінулым сезоне ФК «Маладзечна» гуляў у другой лізе (у трэцім паводле рангу беларускім дывізіёне), там ён заняў трэцяе месца і атрымаў права павысіцца ў класе. Мясцовыя ўлады ад імя аддзелу спорту і турызму Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэту адправілі 31 студзеня ліст у асацыяцыю «Беларуская федэрацыя футболу» з гарантыяй таго, што каманда атрымае фінансаванне і зможа выступіць у турніры камандаў першай лігі, але 12 лютага адклікалі свае гарантыі. Гэта значыць, што клуб, які вядзе сваю гісторыю з 1989 г., можа знікнуць.

ФК «Маладзечна»

Вольга Ціханоўская, галоўны спецыяліст аддзелу спорту і турызму Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэту, не змагла патлумачыць «Белсату», які лёс чакае ФК «Маладзечна».

Да кіраўніка мясцовага аддзелу спорту і турызму Рамана Кузняцова ў працоўны час мы датэлефанавацца не змаглі. Але спадар Кузняцоў патлумачыў мясцовай «Рэгіянальнай газеце», што «ніхто не збіраецца разваліць маладзечанскі футбол. Плануем аб’яднаць ФК «Маладзечна» і «Андэрдог» у адну каманду. Я не адзін вырашаю гэта, пра гэта размаўляў са старшынём выканкаму, а потым і са старшынём Менаблвыканкаму».

Фота Андрэя Рагінскага

Ліквідацыя ФК «Маладзечна»?

«Мы працягваем трэнавацца і праводзіць спарынгі, а што далей будзе мы не ведаем», – сказаў «Белсату» галоўны трэнер ФК «Маладзечна» Аляксей Вяргеенка. Каб выратаваць футбольны клуб «Маладзечна», яго заўзятары стварылі адмысловую петыцыю, якая сабрала ўжо больш за 500 подпісаў.

Стварыў Генадзь Карпенка

Каманда пад назваю «Металург» была створаная пры дапамозе дырэктара Маладзечанскага заводу парашковай металургіі, а потым мэра гораду Генадзя Карпенкі.

Той час быў залатым для мясцовага футбольнага клубу. «Металург» адразу выйшаў у наймацнейшы дывізіён чэмпіянату БССР, а ў 1991 г. стаў апошнім пераможцам чэмпіянату і Кубка БССР. У 1992 г. у першым матчы ў гісторыі незалежнага чэмпіянату Беларусі клуб сенсацыйна згуляў унічыю з менскім «Дынама», а ў 1995 г. спыніўся за крок ад п’едэстала, заняўшы ў найвышэйшай лізе чацвёртае месца. Пасля смерці Генадзя Карпенкі клуб з Маладзечна зорак з неба не хапаў, але заставаўся ўдзельнікам найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі. У 1999 г. каманда вылецела ў першую лігу, але праз год зноў вярнулася ў найвышэйшую. Апошнія 15 гадоў клуб выступаў у трэцім дывізіёне, і як толькі атрымаў права згуляць у першай лізе, існаванне каманды стала пад пагрозу.

За апошнія 10 гадоў у Беларусі зніклі 43 футбольныя клубы.

Hавiны
«Жыццё без надзеі, барацьба без канца» – як у Баранавічах робяць самы стылёвы фанацкі рух у Беларусі
2020.01.12 10:05

АС Belsat.eu

Стужка навінаў