Футбольны каментатар: пазначайце беларускую роднай!


Спартовы журналіст і каментатар Мікалай Хадасевіч узгадвае, як у матчы паміж зборнымі Беларусі ды Нямеччыны беларусы заўзелі за праціўніка. Тое ж самае адбываецца ў нашай краіне і з мовамі, лічыць ён.

Сам Мікалай Хадасевіч размаўляе па-расейску, хоць да паступлення ва ўніверсітэт гэта мова была для яго чужой: «Калі я пайшоў у першы клас, менавіта маё пакаленне, мой год быў першым у нашай краіне, які пайшоў вучыцца па-беларуску. Гэта датычыла ўсіх прадметаў абсалютна. Беларуская мова была для мяне натуральнай, роднай. Расейская мова да першага курсу ўніверсітэту для мяне была абсалютна чужой. Мне два гады давялося пазбаўляцца акцэнту».

Ён узгадвае цікавы выпадак, які адбыўся нядаўна:

«Зборная Нямеччыны прыязджала. І галкіпер сказаў цудоўную рэч. Ён гуляў на Барысаў-Арэне, і яму падалося, што зборную Нямеччыне ў Беларусі падтрымлівае ці не ўвесь стадыён. То бок, гэта былі беларусы, якія заўзелі за зборную Нямеччыны ў матчы супраць зборнай Беларусі. То бок, у прынцыпе, за чужых».

Прыкладна тое ж адбываецца і з адносінамі да моваў, звяртае ўвагу Мікалай Хадасевіч. У выніку беларускую мы трацім. «Я не маю адказу, як усё раптам павярнуць назад, як усё вярнуць. Але на пытанне: а як жа тады? – заўсёды ёсць адказ: пачаць з сябе».

Падчас сёлетняга перапісу насельніцтва Мікалай Хадасевіч ў пытанні № 12 пазначыць беларускую мову роднай:

«Сябры! Нягледзячы на тое, што большасць з нас, і я ў тым ліку, размаўляе па-расейску, заклікаю вас падчас перапісу насельніцтва пазначыць беларускую мову як родную. Бо мы – беларусы. Гэта – наша краіна. І мы павінны шанаваць сваю мову», – лічыць спартовы журналіст і каментатар.

Перапіс: звярніце ўвагу на пытанне нумар 12

Прыхільнікаў беларускай мовы непакоіць, што вынікі гэтага перапісу будуць яшчэ больш сумнымі, чым папярэдняга. Тады, у 2009 годзе, роднай беларускую мову назвалі ўсяго 53,2 % насельніцтва. На 20 % менш, чым падчас перапісу 1999 года.

«Белсат» выступае за сапраўднае раўнапраўе дзяржаўных моваў. Менавіта таму мы разам з партнёрамі распачалі грамадскую кампанію «Беларускамоўны», у межах якой быў зняты гэты відэаролік.

Падрабязней пра кампанію «Беларускамоўны».

ІА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары