Футбольнага заўзятара з Воршы не асудзілі за экстрэмізм. Але пасля суду зладзілі ператрус


У раённым судзе Воршы завяршыўся працэс, на якім вырашалася, ці нясуць экстрэмісцкі змест нашыўкі з абрэвіятурамі.

Ініцыятарам суду стаў супрацоўнік ГУБАЗіК, які яшчэ 10 чэрвеня канфіскаваў у 19-гадовага Аляксея Сукорскага дзве самаробныя нашыўкі з надпісамі. Там была абрэвіятура на ангельскай мове, значэнне якой можна перакласці як «Усе копы – ***». Гэтыя нашыўкі скіравалі на экспертызу ў Віцебск, праводзіць якую даручылі дырэктару Віцебскага філіялу Міжнароднага ўніверсітэту «МІПСА», кандыдату гістарычных навук, дацэнту Аляксандру Дзядзінкіну.

Згодна з заключэннем эксперта, згаданыя абрэвіятуры ўтрымліваюць інфармацыю, скіраваную на распальванне варожасці па сацыяльнай прыкмеце. Заключэнне эксперта перадалі ў аршанскі суд, а копію скіравалі ў Міністэрства інфармацыі дзеля ўключэння абрэвіятураў у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Суд праходзіў у зачыненым рэжыме. Суддзя Наталля Байцова згадзілася з заключэннем эксперта і ўгледзела ў абрэвіятурах экстрэмізм.

Аднак самога Аляксея Сукорскага не асудзілі, бо ўзгаданыя абрэвіятуры былі канфіскаваныя яшчэ да экспертызы.

На гэтым гісторыя не скончылася. Адразу па заканчэнні суду Аляксея павезлі дамоў, дзе цяпер праводзіцца ператрус. Імаверна, праваахоўнікі спрабуюць знайсці іншыя экстрэмісцкія матэрыялы.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Стужка навінаў