Футбалістам, якія збілі беларуса ў Маскве, прапанавалі працу


Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў запрапанаваў арыштаваным спартоўцам гуляць за клуб «Ахмат».

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў выказаў думку, што турма не дапаможа выправіць футбалістаў зборнай Расеі Аляксандра Какорына і Паўла Мамаева, якіх арыштавалі па падазрэнні ў хуліганстве і збіцці двух чалавек у цэнтры Масквы.

«Я не ведаю, якія для гэтага існуюць юрыдычныя магчымасці. Але чаму б іх не пашукаць? Скажу адказна, ад знаходжання ў турме і калоніі Павел і Аляксандр лепшымі не стануць. Але мы хочам паспрабаваць выправіць разам з імі памылкі мінулага, калі гэта будзе дазволена», – напісаў Кадыраў у сваім Тэлеграм-канале.

«Ахмат» – футбольны клуб з Грознага. Выступае ў Расейскай прэм’ер-лізе. Да 2017 насіў назву «Церак».

Паводле кіраўніка Чачэніі, кіраўніцтва футбольнага клубу «Ахмат» гатовае ўладкаваць футбалістаў пры любым выніку крымінальнае справы.

«Мы не чакаем ад іх ніякай зорнай гульні і забітых мячоў. Нашая мэта – дапамагчы маладым людзям вярнуцца ў нармальнае жыццё, бязбольна прайсці перыяд адаптацыі. Гэта ніякім чынам не служыць спробай паўплываць на грамадскую думку ці хаду следства», – напісаў Кадыраў.

Аляксандр Какорын і Павел Мамаеў учынілі дзве бойкі ў цэнтры Масквы 8 кастрычніка. У іх пацярпелі чыноўнік Дзяніс Пак і беларус Віталь Салаўчук, які працуе кіроўцам у расейскай тэлевядоўцы Вольгі Вушаковай.

Футбалістам пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

ДД

Стужка навінаў