Футбаліст адмовіўся выступаць за нацыянальную зборную праз Лукашэнку. Цяпер яму помсцяць


21-гадовы Ілля Шкурын, нападнік расейскага ЦСКА, адмовіўся прыязджаць у Беларусь і выступаць за нацыянальную ды моладзевую зборныя краіны з палітычных прычынаў. Беларуская федэрацыя футболу гэтага гульцу не прабачыла. Спачатку футбалісту пагражалі войскам, а потым канфлікт выйшаў на міжнародны ўзровень.

У чым сутнасць канфлікту

У сярэдзіне жніўня пасля масавага гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў нападнік маскоўскага ЦСКА Ілля Шкурын трапіў у пашыраны спіс нацыянальнай зборнай Беларусі, на што футбаліст адказаў у сваім Instagram:

«Пра траплянне ў пашыраны спіс зборнай краіны зноў даведаўся праз сацыяльныя сеткі, таму свой адказ пішу таксама тут. Рэпрэзентаваць інтарэсы нацыянальнай каманды я адмаўляюся да таго часу, пакуль дзеіць рэжым Лукашэнкі. Жыве Беларусь!»

Ілля Шкурын святкуе забіты гол.
Фота: афіцыйны сайт ЦСКА

Акрамя гэтага, гулец адправіў афіцыйную адмову выступаць за Беларусь у АБФФ. Не зважаючы на гэта, федэрацыя выклікала Шкурына ў моладзевую зборную Беларусі. Ілля не прыехаў. Тады Беларуская федэрацыя футболу скіравала ў Дысцыплінарны камітэт ФІФА запыт, у якім просіць ужыць санкцыі супраць Шкурына за няяўку ў моладзевую зборную на гульні супраць Нідэрландаў і Партугаліі ў верасні 2020 года.

ФІФА запытала дадатковыя тлумачэнні наконт сітуацыі ды прызначыла разгляд справы на 14 студзеня 2021 года.

Фільмы
Спартоўцы з народам
2020.11.15 10:00

13 снежня ў эфіры СТВ Уладзімір Базанаў, кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і вайсковы камісар па Берасцейскай вобласці, заявіў:

«Ён адмовіўся з палітычных прычынаў, гэта ягонае права, як і кожнага гульца, але ён няправільна зрабіў, таму цяпер мы звярнуліся ў ФІФА, зараз будуць разбірацца. Ён не меў права гэтага рабіць, ён павінен быў прыбыць сюды».

Клуб Шкурына ўжо заявіў, што заняў пазіцыю гульца, хоць раней галоўны трэнер ЦСКА, беларус Віктар Ганчарэнка казаў, што не падтрымлівае пастановы футбаліста не гуляць за зборныя Беларусі.

Хто такі Шкурын

Ілля Шкурын – 21-гадовы выхаванец віцебскага футболу, у 2019-м стаўся сапраўдным адкрыццём беларускага футболу і найлепшым бамбардзірам чэмпіянату краіны, забіўшы 19 галоў у складзе менскага «Энергетыка-БДУ», пасля чаго падпісаў кантракт з берасцейскім «Дынама», адкуль адразу ж быў прададзены ў адзін з найлепшых клубаў Расеі – ЦСКА.

Агент футбаліста: Калі б Ілля прыехаў, яго маглі забраць у войска

Валерый Ісаеў, агент Шкурына, адзначае, што ягонае заданне – зрабіць так, каб для футбаліста было як мага менш наступстваў: «З майго пункту гледжання, федэрацыя магла не распальваць гэтага канфлікту».

Але не толькі скаргай у Міжнародную федэрацыю футболу за пазіцыю пагражалі Шкурыну.

«Я прачытаў словы Базанава, што Шкурын павінен прыехаць у лагер зборнай, каб сказаць, што ён не будзе выступаць, а яны б прымалі рашэнне. Але мы ўжо на той момант ведалі, што кіраўнік федэрацыі як адзін з рэсурсаў ціску на футбаліста паспрабаваў шантажаваць Іллю войскам.

Нам канкрэтна сказаў адзін з трэнераў моладзевай зборнай: калі Шкурын не прыедзе, то яго забяруць у войска», – кажа Валерый Ісаеў.

Беларуская федэрацыя футболу можа зазнаць іміджавыя страты

Былы брамнік нацыянальнай каманды Беларусі, сябра Фонду спартовай салідарнасці Васіль Хамутоўскі ўпэўнены, што ніякіх бонусаў Беларуская федэрацыя футболу з гэтай гісторыі не атрымае, а, наадварот, адчуе іміджавыя страты:

«Ілля Шкурын публічна адмовіўся гуляць за зборную, гэта ягоная асабістая справа. Я паважаю яго як спартоўца, як футбаліста, паважаю ягоную грамадзянскую пазіцыю, і нашая арганізацыя «SOS BY» выказвае яму падтрыманне. Думаю, яны хочуць зладзіць паказальную лупцоўку. Я не юрыст, але выкажу сваю пазіцыю: калі гулец адмаўляецца выступаць за нацыянальную зборную, няважна, здаровы ён, ці хворы, – гэта ягоная асабістая справа. Ён паведамляе федэрацыі, і федэрацыя мусіць паважаць пазіцыю спартоўца. Цяпер жа, я думаю, у федэрацыі футболу могуць узнікнуць іміджавыя страты, калі ФІФА прыме бок гульца. Гэта можа прывесці да санкцыяў супраць АБФФ, бо Шкурын можа пайсці далей і падаць пазоў у адказ. У федэрацыі мусяць дзесяць разоў падумаць і мець вельмі важкія падставы, каб пачынаць такія справы».

Размова
Чаму спорт перастаў быць па-за палітыкай?
2020.10.07 08:35

Былы галоўны рэдактар спартовай газеты «Прессбол», журналіст Сяргей Кайко лічыць такія паводзіны Беларускай федэрацыі футболу нелагічнымі і не выключае, што спрацуе эфект спружыны.

«Не зусім разумею, чаго АБФФ спрабуе дамагчыся. Адпомсціць Шкурыну за палітычны дэмарш? Зрабіць жа балюча наўрад ці атрымаецца. Вярнуць хлопца ў зборную? Цяпер дакладна не. Зрабіць так, каб іншым непавадна было? Каб патрыятызму ў гульцоў дадалося? Каб «паміралі» на полі за краіну? Ясна, што эфект усюды будзе адмоўны, памножаны на высока верагодныя выдаткі для самой федэрацыі – як мінімум, іміджавыя. Але паглядзім, можа, мы чагосьці не ведаем, і ў студзені нам адкрыюцца новыя дзіўныя бездані», – разважае ў размове з «Белсатам» Сяргей Кайко.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў