ФСБ: у Беларусі дзейнічала ячэйка расейскай «тэрарыстычнай» арганізацыі анархістаў


У Пензе ФСБ распачала крымінальную справу аб «тэрарыстычнай супольнасці» анархістаў. Паводле версіі следства, у арганізацыю пад назвай «Сеть» уваходзілі ячэйкі ў Маскве, Пецярбургу, Пензе і Беларусі.

Пра гэта піша сайт Republic, які азнаёміўся з некаторымі матэрыяламі справы. Цяпер шасцёра актывістаў антыфашысцкага руху знаходзяцца пад арыштам у Пецярбургу, яшчэ двое – у Пензе.

У расейскай спецслужбе сцвярджаюць, што ўдзельнікі «Сети» шляхам тэрактаў планавалі «разгайдаць народныя масы для далейшай дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў краіне» – у якасці ахвяр былі абраны супрацоўнікі сілавых структур і кіраўнікі мясцовых адміністрацый. Яны нібыта збіраліся зладзіць выбухі падчас прэзідэнцкіх выбараў і чэмпіянату свету па футболе, а таксама падняць узброены мяцеж.

Па інфармацыі ФСБ, супольнасць у 2014 годзе стварыў жыхар Пензы Дзмітрый Пчалінцаў, які пазнаёміўся з іншымі ўдзельнікамі на канцэртах музычных ⁠групп. З канца 2015 году ў кожнага з чальцоў была свая пасада і роля, гаворыцца ў матэрыялах расследавання. Пчалінцаў быў лідарам і ідэолагам; яго намеснік па мянушцы «Руды» быў разведчыкам і вербаваў новых чальцоў; Арман Сагынбаеў – інжынер-сапёр, які павінен быў вырабляць і закладваць выбухоўку; Ілля Шакурскі – тактык, які навучыў асаблівасцям вядзення бою; Андрэй Чарноў – сувязіст, які забяспечваў камунікацыю паміж паплечнікамі; Ягор Зорын ( «Грыша») – стралок, «пры надыходжанні ваеннага становішча ўдзельнічае ў баявых сутыкненнях з сілавікамі» ды іншыя.

ФСБ лічыць, што падраздзяленне «Сети» ёсць і ў Беларусі, пры тым што кіраўніцтва ячэйкамі ажыццяўлялася з Пензы. Назва ячэйкі, населены пункт і колькасць чальцоў публічна не ўдакладняецца. Каментароў з боку беларускіх сілавых структураў на дадзены момант не паступала.

***

Арышты актывістаў антыфашысцкага руху ў Пензе пачаліся ў кастрычніку 2017 года, шасцярым затрыманым высунутыя абвінавачванні ў стварэнні і ўдзеле ў «тэрарыстычнай супольнасці» (артыкул 205.4 КК РФ). Яны распавялі, што супрацоўнікі ФСБ падкінулі ім зброю, а пасля затрымання катавалі токам, падвешвалі ўніз галавой, пагражалі пакінуць у лесе і «пераламаць ногі».

Republic цытуе паказанні аднаго з фігурантаў, у якіх гаворыцца, што кіраўнікі арганізацыі заклікалі да «чорнага тэрору». Нібыта ў выпадку наступлення дня «Ч» – падзеі, якая можа справакаваць масавыя беспарадкі, неабходна з ужываннем зброі і выбухоўкі знішчыць кіраўнікоў мясцовых адміністрацый, кіраўніцтва палітычнай партыі «Единая Россия», начальнікаў падраздзяленняў органаў унутраных спраў ». Пры гэтым допыт чалавека, які даў такія паказанні, доўжыўся 24 гадзіны. Абвінавачванне цяпер будуецца на паказаннях менавіта пензенскіх фігурантаў.

 

Стужка навінаў