ФСБ прыкінулася дзяўчынай, каб затрымаць украінца, які прыехаў у Гомель на рамантычнае спатканне?


Бацька 19-гадовага Паўла Грыба прыехаў у Беларусь у пошуках сына і даведаўся, што ФСБ падазрае Паўла ў здзяйсненні тэракту.

24 жніўня хлопец прыехаў у Гомель, каб сустрэцца з дзяўчынай (на спатканне яна мела прыехаць з Расеі), з якой ён пазнаёміўся ў інтэрнэце. Дахаты Павел не вярнуўся.

Паводле Ігара Грыба, беларускія памежнікі заявілі, што не валодаюць інфармацыяй пра месцазнаходжанне ягонага сына. Пра тое, што сын знаходзіцца ў «спісах ФСБ» Ігар даведаўся ў адным з аддзяленняў гомельскай міліцыі. «Я ніякіх паперак не пісаў. Мне неафіцыйна дапамаглі», – распавёў Belsat.eu Ігар Грыб.

«Я звярнуўся ва ўсе сілавыя структуры Украіны, каб мне дапамаглі высветліць лёс майго сына. Пакуль ніякай інфармацыі няма», – распавёў Ігар Грыб.

Ігар Грыб

«Такім чынам, стала зразумела, што ФСБ выманіў Паўла ў Гомель, арганізаваўшы сустрэчу з дзяўчынай» – напісаў Ігар Грыб.

Паводле Ігара Грыба, ягоны сын не служыў у АТА і мае інваліднасць.

Бацька хлопца мяркуе, што затрыманне сына можа быць звязанае з актыўнасцю Паўла ў сацсетках. «Павел быў актыўным карэспандэнтам у сацыяльных сетках і нярэдка не падбіраў словаў адносна ворагаў Радзімы», – напісаў Ігар Грыб у сваім «Facebookʼу».

Першы сакратар Амбасады Украіны ў Беларусі Аляксандр Навасёлаў паведаміў украінскаму тэлеканалу 24, што неўзабаве ўкраінскія дыпламаты накіруюць ноту ў МЗС Беларусі з просьбаю прадставіць афіцыйную інфармацыю.

Дзяржаўная памежная служба Украіны дапускае, што Павел Грыб уехаў на тэрыторыю Беларусі праз пункт памежнага пропуску «Новыя Ярылавічы» (Новая Гута – пункт пропуску па беларускім баку).

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў