Фрылансэрам нельга асвятляць акцыяў? Што азначаюць змены ў законе «Аб масавых мерапрыемствах»


Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Рэспубліцы Беларусь.

Супраць прагаласавалі толькі двое – дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

У законапраекце гаворыцца, што журналіст, які асвятляе масавае мерапрыемства, мусіць мець пры сабе ясна бачны знак адрознення.

Вось як каментуе змены намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Барыс Гарэцкі:

«Мы вельмі спадзяемся, што гэта палепшыць умовы працы журналістаў на акцыях. Вельмі часта міліцыянты тлумачаць, што яны затрымалі журналістаў у вялікай колькасці, маўляў, яны не разабраліся, дзе ўдзельнікі, а дзе журналісты. Мы лічым добрай практыкай, калі журналіст на акцыі абазначаны, каб міліцыя не кранала гэтых журналістаў. Для нас важныя дзве рэчы. Па-першае, каб была гарантыя недатыкальнасці для журналіста, калі ён мае такі знак. Па-другое, каб на дазволенай акцыі не было так, што журналіста абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства, калі ён ходзіць без такога знаку».

Акрамя таго, згодна з законапраектам, асвятляць мерапрыемствы змогуць толькі штатныя супрацоўнікі медыяў.

«Падчас папярэдніх абмеркаванняў мы прасілі ўнесці ў законапраект, каб маглі прысутнічаць і асвятляць мерапрыемствы журналісты-фрылансэры. Мы прасілі ўнесці фармулёўку, што могуць быць не толькі пазаштатнікі, але і ўвогуле фрылансэры. Гэтую нашую прапанову адхілілі», – заўважае Барыс Гарэцкі.

Варта адзначыць, што падчас асвятлення масавых акцыяў часта трапляюць пад пераслед журналісты «Белсату». Літаральна ўчора падчас акцыі ў Курапатах затрымалі журналістку Кацярыну Андрэеву. На яе склалі пратакол за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў» – ужо восьмы, калі лічыць з пачатку мінулага года. Неаднаразовыя спробы «Белсату» атрымаць акрэдытацыю беларускага МЗС не прынеслі выніку.

Цяпер законапраект перададуць на разгляд у Савет Рэспублікі, а адтуль на подпіс Аляксандру Лукашэнку.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў