Фрэнсіс Фукуяма: За Беларуссю трэба пільна сачыць

Інтерв'ю

Фрэнсіс Фукуяма. Фота Greg Salibian

Беларусь станецца вялікім геапалітычным пытаннем у бліжэйшыя некалькі гадоў, заявіў Фрэнсіс Фукуяма, зорка сусветнай паліталогіі, які ўжо 30 гадоў таму абвесціў «канец гісторыі». У «Прасвеце» эксклюзіўнае інтэрв’ю Аліны Коўшык з прафесарам Стэнфардскага ўніверсітэту ў Злучаных штатах.

Спадару прафесар, што вы думаеце пра такую краіну, як Беларусь, якая моцна заціснутая паміж Усходам і Захадам?

Мяркую, што Беларусь станецца вялікім геапалітычным пытаннем у бліжэйшыя некалькі гадоў, бо магчымасць аб’яднання Расеі ды Беларусі вісіць у паветры, і з расейскага боку ёсць шмат перадумоваў, што гэта адбудзецца. І таму за Беларуссю трэба пільна сачыць.

Ці мяркуеце вы, што постсавецкія краіны могуць быць дэмакратычнымі? І ці ў наш час дэмакратыя – гэта адпаведны кірунак, у якім варта рухацца?

Насамрэч гэта адзіны выбар, калі краіны хочуць быць паспяховымі ў працяглай перспектыве. Украіна выразна ідзе ў гэтым кірунку. Галоўны выклік для ўкраінцаў – гэта змаганне з карупцыяй. І адзіная магчымасць гэта зрэалізаваць – стварыць больш адкрытую палітычную сістэму. Да гэтага дадаюцца медыі, якія выкрываюць карупцыю ды пільнуюць чыноўнікаў. І, безумоўна, гэта яшчэ не дэмакратыя, але яны прынамсі маюць шанец туды прыйсці. На маю думку, палітычная сістэма Украіны блізкая да Беларусі і Расеі, але для іх гэтая барацьба яшчэ наперадзе.

Амерыканскі генерал: Украінскі сцэнар для Беларусі – абсалютна рэальны

Ці гэта магчыма зрабіць без праліцця крыві?

Думаю, што гэта заўсёды магчыма. Калі краіна мае адукаваных грамадзянаў і адкрываюцца магчымасці зрабіць нешта без гвалту, гэта робіцца магчымым.

Трыццаць гадоў таму вы абвесцілі канец гісторыі. Як вы бачыце свет цяпер? Што мы можам зрабіць, каб перадухіліць глабальны канфлікт, пра які вы кажаце?

Ідэю канца гісторыі я насамрэч пераняў з марксізму. Маўляў, камунізм – гэта канец гісторыі. Але выглядае так, што мы не дайшлі да яго, а затрымаліся на перадапошняй прыступцы – як яе Маркс называў, буржуазнай дэмакратыі. Я дасюль перакананы, што гэта пункт выйсця да далейшага развіцця для розных палітычных мадэляў грамадстваў. Але, напэўна, мы цяпер у іншым перыядзе развіцця. Дэмакратыя мае багата пагрозаў у свеце. Напрыклад, Расея і Кітай, якія штурхаюць яе назад. Таксама мы маем рост папулізму ў развітых дэмакратыях ЗША і Вялікай Брытаніі. Мы цяпер у вельмі напружаным перыядзе, і адквітанне дэмакратыі – у руках тых, хто галасуе, і лідараў розных краінаў свету.

Што мы, людзі, можам зрабіць, каб пазбегнуць гэтага глабальнага здарэння? Ці мы мусім быць больш адукаванымі? Што мы можам зрабіць?

Людзі мусяць звяртаць увагу і браць удзел у палітыцы. Калі ты жывеш у аўтарытарнай краіне, гэта зрабіць цяжка. Але таксама ёсць пэўныя шляхі мабілізацыі ды змагання супраць аўтарытарных уладаў.

Ці вы згадзіцеся, што цяпер страх – адна з галоўных эмоцыяў, што кіруюць палітычным светам?

Так, але гэта хутчэй камбінацыя. Страх – важная эмоцыя. Злосць – яшчэ адна, якая, напрыклад, матывуе людзей галасаваць за папулістаў, бо тыя адчувалі сябе пакрыўджанымі праз тое, як да іх ставіліся. На жаль, палітыка больш базуецца на эмоцыях, чымся на аргументах.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 25.10.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Глядзі таксама
Каментары