Эмануэль Макрон і АБСЕ могуць пасярэднічаць у беларускім канфлікце

Народная абранніца Святлана Ціханоўская заручылася падтрымкаю прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. Сустрэча ў Літве адбылася 29 верасня.

Лідарка беларускай апазіцыі паведаміла, што падчас сустрэчы ў Вільні прэзідэнт Францыі паабяцаў ёй, што Францыя дапаможа ў перамовах па ўрэгуляванні палітычнага крызісу і вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі. Падсумоўваючы спатканне з ёю Эмануэль Макрон заявіў:

«У нас была вельмі добрая дыскусія. Мы павінны быць прагматычнымі і падтрымліваць народ Беларусі. Мы зробім усё, што ў нашых сілах, паверце мне (…) Як еўрапейцы, мы зробім усе магчымае, каб дапамагчы, каб вярнуцца да пасрэдніцтва АБСЕ і дамагчыся прагрэсу», – сказаў Макрон.

Напярэдадні спаткання бакоў Эмануэль Макрон заявіў, што Аляксандр Лукашэнка мае пакінуць пасаду і перадаць уладу. На што Лукашэнка адказаў у стылі «сачыце за ўласнымі ўнутранымі праблемамі» і дапусціў, што сустрэча з Ціханоўскай можа не спадабацца першай лэдзі Францыі.

Лукашэнка: Макрону варта, нарэшце, заняцца ўнутранымі праблемамі Францыі

Галава Францыі раней заявіў, што пад час сустрэчы з лідаркаю беларускай апазіцыі Святланаю Ціханоўскай ён хоча выказаць павагу да ўсіх беларусаў і падзякаваць Святлане.

«Яна вельмі смела паступіла і з пункту гледжання асабістай, і з пункту гледжання сямейнай пазіцыі. Таму я б хацеў падзякаваць яе за смеласць, як і ўсім людзям, якія мабілізаваліся ў Беларусі».

Эмануэль Макрон знаходзіцца з візітам у Літве, перадусім каб наведаць французскіх вайскоўцаў, якія служаць у Батальёне НАТА ў Рукле. Апроч гэтага, прэзідэнт Францыі правёў шэраг сустрэчаў.

ЮЦ Belsat.eu

Hавiны