Французскі ўрад замарозіў кошты на паліва пасля брутальнага пратэсту ў Парыжы


Урад Францыі ўводзіць мараторый на рост падатку на паліва на шэсць месяцаў.

Таксама будуць замарожаныя кошты на электраэнергію і газ.

Увядзенне мараторыя на павышэнне коштаў на бензін і дызельнае паліва было адным з галоўных патрабаванняў удзельнікаў акцыяў пратэсту, якія некалькі тыдняў праходзілі ў розных рэгіёнах Францыі. 1 снежня масавы пратэст у Парыжы супраць павышэння коштаў на паліва перарос у беспарадкі.

Hавiны
Трыумфальная арка ў агні. У цэнтры Парыжу з’явіліся барыкады. ШМАТ ФОТА
2018.11.24 17:16

Кошт дызельнага паліва ў Францыі за апошні год вырас на 23 % – да рэкордных з пачатку 2000-х € 1,51 за літр.

Рост коштаў на паліва быў запланаваны ў звязку з экалагічнай рэформай, якая прадугледжвае ліквідацыю да 2022 года ўсіх вугальных электрастанцыяў. У 2030-м Францыя таксама плануе ў 5 разоў павялічыць вытворчасць электрычнасці за кошт сонечнай энергетыкі.

Падчас пратэстаў загінулі дзве асобы. Усё пачалося з акцыяў «жоўтых камізэлек» – пратэстоўцы выходзілі на трасы і перакрывалі рух транспарту. Рух «жоўтых камізэлек» атрымаў сваю назву дзякуючы жоўтым святлоадбівальным камізэлькам абавязковым для французскіх кіроўцаў, якія насілі маніфестанты.

ЮВ, belsat.eu, паводле AFP

Стужка навінаў