Францішак Багушэвіч здымаў стрэс паляваннем і лічыў Вільню інфекцыйнай


Францішак Багушэвіч, якому сёння спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння, – лёсавызначальная фігура для нашай культуры.

Каб не Багушэвіч, цяжка ўявіць якім было б айчыннае прыгожае пісьменства. Яго справядліва лічаць духоўным настаўнікам нашых класікаў літаратуры пачатку XX ст. Ён першы беларускі пісьменнік, хто выразна выказаўся, што наша краіна мела сваю багатую гісторыю, дзяржаўнасць, мае мову (а не «наречие») і павінна мець уласную тэрыторыю.

У юнацтве быў дзёрзкім паўстанцам, затым стаў судовым следчым, якога любіла расейскае начальства і нават узнагароджвала медалямі. Ён жа баяўся, што беларусы асімілююцца ў Расейскай імперыі і ўсёй сваёй літаратурна-асветніцкай дзейнасцю паказваў, што гэты шлях для нас згубны.

1. Апісваў Вільню, як страшнае антысанітарнае места

У вершы «Немец» пісаў:

«Не люблю я места (па-расейску – горад).

Надта там цяснота і вялікі сморад».

У шматлікіх публікацыях (часопіс «Край») неаднаразова апісваў Вільню бруднай, інфекцыйнай: «Санітарны стан нашага гораду вельмі нездавальняючы: улетку дызентэрыя і адзёр, разам з запаленнямі… цяпер жа ў найгоршай форме прагрэсіруе дыфтэрыт. І хоць гэтая хвароба… вельмі заразная, пра ахоўныя сродкі ніхто, дагэтуль не думае… улетку вуліцы ўпрыгожаныя рышткамі са смярдзючаю жыжкай з рознага бруду і адкідаў, што безупынку плыве з перанаселеных вуліц, з лазняў і іншых прадпрыемстваў».

2. Яго раздражняла моладзь

Асабліва злаваўся, што маладыя людзі неабдумана ўступалі ў шлюб: «Напэўна, пад уплывам сямейнага гараскопа, мы можам адзначыць незвычайную схільнасць да жаніцьбы сярод моладзі, якая [мае] погляд на касцельны шлюб як на фармальнасць без ніякага важнага значэння: малады ў будзённым жакеціку, а паненка ў сукенцы, бадай, яшчэ ці не са школьных часоў, проста з прагулянкі ідуць у касцёл св. Яна, становяцца перад алтаром і прысягаюць у вернасці да скону. Ад такіх шлюбаў у недалёкім часе трэба чакаць толькі раздзелаў і разводаў».

3. Не быў шчаслівым у шлюбе

Знаёмыя адзначалі, што дома ў яго была цяжкая атмасфера, а самі сямейнікі ставіліся да яго беларускай літаратурнай дзейнасці, як да вар’яцтва і пасля смерці бацькі адмаўляліся, паводле Антона Луцкевіча, перадаць яго архіў для музею. Нацягнутыя адносіны ў Багушэвіча былі з сынам Тамашом, які адмаўляўся ўспамінаць пра бацьку, а, маючы мастацкі талент, пры жыцці не ствараў яго партрэтаў, а намаляваў яго толькі пад час таго, як Багушэвіч паміраў.

4. Вельмі перажываў з-за дачкі

Паводле Антона Луцкевіча: «Дачка Канстанцыя… мела вельмі добры, моцны голас… альт. Вучылася яна заграніцай і мелася выступіць у знакамітым міланскім тэатры Ля Скала. Але з ёй сталася бяда: перад самім выступленнем яна захварэла на горла, а ў выніку хваробы зусім страціла голас. – Ведама бацька вельмі балюча перажываў гэтае здарэнне».

5. Сварыўся з калегамі

Той жа Антон Луцкевіч пісаў: «Ня гледзячы на блізкасць духовых заінтарасаваньняў з польскім грамадзянствам, Багушэвіч адносіўся да апошняга наагул вельмі крытычна і вострай сатырай кляйміў яго за нястачу дэмакратызму ды іншыя агульна ведамыя заганы. Гэтыя сатыры, пісаныя па-польску і па-беларуску, выклікалі абурэнне сярод палякаў, і адносіны іх з Багушэвічам псаваліся з кожным годам, а ў канцы зусім парваліся».

6. Здымаў стрэс паляваннем

У адным з лістоў Багушэвіч адзначаў: «Я пачуваўся да таго стомленым душою, што падаўся… на паляванне, каб уцячы ад людзей і думак пра іх… Спачуваю тым, якія не каштавалі гэтай першабытнай, а так прынаднай мне ўцехі: зусім забываеш пра ўсё і пра ўсіх…» Сяляне таксама згадвалі, што: «Пісьменнік любіў паляванне і часта хадзіў на зайцоў і дзікоў…»

Аб’ектыў
«Гэта нашая каштоўнасць». У сталічнай бібліятэцы прайшоў конкурс чытанняў па-беларуску
2019.12.15 23:48

7. Большасць яго кніг і рукапісаў – загінула

Згубіліся рукапісы зборнікаў «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка», але найбольш даследчыкі бедавалі, што знік яго «Слоўнік беларускай мовы». Літаратуразнаўца Алесь Яскевіч пісаў: «Вядома, што Багушэвіч на працягу ўсяго жыцця працаваў над слоўнікам беларускай мовы. І можна ўявіць сабе, які ўплыў ён мог бы мець на працэсе выпрацоўкі нормаў літаратурнае мовы, калі б запісы пісьменніка пабачылі свет. Той жа Н. Роўба залічвае лексікаграфічную працу Багушэвіча ў шэраг самых адказных спраў паэта на ніве роднай культуры.

8. Прадчуваў сваю смерць

Паводле літаратуразнаўцы Уладзіміра Содаля: «…Багушэвічавы біёграфы… згадваюць, што паэт адчуваў блізкую смерць… Гэтыя яго настроі гучаць ужо ў 1890 г. у лістах да Яна Карловіча. Затым паэт піша ў 1893 г. паўсур’ёзны, паўжартаўлівы верш «Запаветы», у якім дае наказ сваім блізкім і сябрам, як яго пахаваць на выпадак заўчаснай смерці… якая ж была апошняя воля паэта?

Мой вянок зусім мае быць простым,

Сплёў яго я з шыпоў, церняў вострых.

І яшчэ:

Потым скажа хай кожны прамову,

За маё няхай вып’е здароўе.

І вяртайцеся з песняй да хаты,

Не трэба больш мяне кратаць.

Сяргей Піліпчэня, фота прадстаўлена Вольгай Гулеевай з музея літаратуры Belsat.eu

Стужка навінаў